Сяргей Калякін: Мерапрыемства не будзе мець доўгатэрміновы эфект



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаў сваё стаўленне да заяў Рамана Пратасевіча на прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня.

Нагадаем, што 14 чэрвеня МЗС Беларусі правёў прэс-канферэнцыю пра інцыдэнт з самалётам Ryanair. Сярод удзельнікаў быў і апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч, якога затрымалі ў менскім аэрапорце пасля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню над Беларуссю. Пратасевіч быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

Раман Пратасевіч заявіў, што зараз ён супрацоўнічае са следствам і гэта звязана з усведамленнем, “які ўрон я нанёс не толькі дзяржаве, але і краіне”.

Сяргей Калякін: Калі знаходзішся на гэтым баку, а не на тым, складана рабіць нейкія высновы, але асабіста ў мяне склалася ўражанне, што паміж сілавікамі і Пратасевічам была заключана здзелка. Магчыма, яму нешта паабяцалі, і ў сувязі з гэтым хлопец так сябе паводзіў і рабіў тыя ці іншыя заявы. Гэта выклікае не вельмі добрыя асацыяцыі.

РР: Але казаць – гэта адно, а быць на месцы Рамана Пратасевіча – зусім іншае…

Сяргей Калякін: Я не спрабую абвінавачваць Рамана, але з большай павагай адношуся да тых падпольшчыкаў, якія ў нямецкіх засценках не здавалі сваіх таварышаў.

У нашым выпадку ў чалавека, які спрабаваў стаць адным з лідараў пратэстаў, было права маральнага выбару. Таму нікога не асуджаю, але такі ўчынак не прымаю. Ёсць шмат прыкладаў у гісторыі, калі людзі знаходзіліся ў больш жорсткіх умовах, але заставаліся людзьмі са сваімі перакананнямі і не ішлі на здзелку з тымі, хто іх утрымліваў.

РР: На ваш погляд, каму ў першую чаргу была адрасавана гэтая прэс-канферэнцыя з Пратасевічам?

Сяргей Калякін: Яна была шмат каму адрасавана – і Захаду, і Усходу, і грамадству, і апанентам. І для некаторых праціўнікаў рэжыму заявы Пратасевіча стануць расчараваннем.

Але не думаю, што гэта мерапрыемства будзе мець доўгатэрміновы эфект. Пратасевіч згуляў не вельмі прыгожую ролю, але яна малаэфектыўная, калі мы кажам пра выпраўленне сітуацыі. На мой погляд, на пазіцыю Захаду гэта ніяк не паўплывае.

Наколькі вядома, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі праводзіць з нагоды інцыдэнту ўласнае расследаванне, і яго вынікі будуць мець для Захаду вызначальнае значэнне. Тым больш, трэба разумець, што Захад тут таксама гуляе ў сваю гульню, і сітуацыю, якую дапусцілі ўлады Беларусі, выкарыстае ў сваіх мэтах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя