Сяргей Калякін: Ніхто на парад не прыедзе
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін лічыць, што ў Менск на ваенны парад кіраўнікі іншых краін не збіраюцца ехаць.
Нагадаем, што беларускія ўлады не толькі не адмовіліся ад правядзення 9 траўня ваеннага парада, але яшчэ і запрасілі на мерапрыемства кіраўнікоў іншых дзяржаў.
Сергей Калякін: Калі ўжо вельмі хочацца правесці парад, то яго можна было перанесці на 3 ліпеня, тым больш, што парад Перамогі і насамрэч праходзіў у ліпені. Такім чынам, перанос можна было нават гістарычна апраўдаць. А з улікам сённяшняй сітуацыі з каронавірусам – гэта наогул выглядала б правільным рашэннем, бо мы бачым, што пік хваробы пакуль не дасягнулі і невядома калі дасягнем.
Парад – гэта чарговая рызыка для людзей захварэць. Гэта абсалютна непрадуманы крок уладаў, і наўрад ці яго можна назваць мэтазгодным.
РР: На мерапрыемства паклікалі прыехаць кіраўнікоў замежных краін. Якой рэакцыі варта чакаць?
Сяргей Калякін: Зразумела, што ніхто не збіраецца ехаць у Менск. Увогуле, любое дзеянне дзяржавы павінна рабіцца, зыходзячы з мэтаў, якія дзяржава хоча дасягнуць. Але не думаю, што ад гэтай сітуацыі імідж Беларусі і беларускага кіраўніцтва нейкім чынам падвысіцца ў вачах іншых краін і нават у вачах простых беларусаў.
Хаця, дзеля справядлівасці, варта сказаць, што з гэтай нагоды ёсць розныя меркаванні ў грамадзян. Але яны, відаць, не ўяўляюць тыя наступствы, якія могуць быць. Паўтаруся, рызыкі вельмі ўзрастаюць, тым больш, што маецца інфармацыя пра тое, што некаторых людзей збіраюцца ў добраахвотна-прымусовым парадку заганяць на парад пад выглядам просьбаў і гэдак далей. А гэта ў такой сітуацыі – проста злачынства.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя