Сяргей Калякін другім падаў дакументы ў Цэнтрвыбаркам
Працягваецца рэгістрацыя ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Старшыня Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін другім пасля Аляксандра Лукашэнкі падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы. У яе склад уваходзіць 1 тысяча 513 чалавек:
– Нас пытаюцца: ці дастаткова гэта? Калі за выбаршчыкамі трэба будзе бегаць, іх лавіць і ўгаворваць “падпішы”, то недастаткова. Спадзяюся, што людзі сёння зразумелі, што трэба сітуацыю мяняць. Таму людзям, якія хочуць змяніць сітуацыю, мы дадзім магчымасць паставіць подпісы, і яны прыдуць і паставяць. Будуць шукаць і нас таксама, не толькі мы іх. Калі мы за імі будзем бегаць, то кампанію трэба заканчваць.
Паводле Сяргея Калякіна, калі выбарчая кампанія будзе ісці без грубых парушэнняў закону, то ён пойдзе да канца. “Калі ж гэта будзе несумленная гульня з мэтай надаць легітымнасць яе вынікам без сапраўдных выбараў, то мы спынімся ў любы момант. Зараз галоўнае пільна адсочваць усе этапы выбарчай кампаніі”, – падкрэсліў палітык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя