Сяргей Калякін: Палітычнае шулерства выбарамі не называюць
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае, чаму са здадзеных падпісных лістоў зрабілі таямніцу.
Цэнтрвыбаркам паведаміў, што падпісныя лісты здалі сем прэтэндэнтаў на тое, каб іх зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты, але не сказалі, колькі подпісаў хто здаў. Чаму засакрэцілі гэтую інфармацыю?
Сяргей Калякін: Мне падаецца, што частка людзей проста не сабрала неабходную колькасць подпісаў, хаця дакументы на рэгістрацыю падалі. Яны патрэбны ўладам, таму пры неабходнасці зарэгіструюць. І больш нічым не патлумачыш той факт, што зараз не агучваюць, колькі прэтэндэнты здалі подпісаў.
Нешта “хімічаць”, відаць, думаюць над тым, каго рэгістраваць, а каму адмовіць. Гэтыя ж лічбы не з’яўляюцца сакрэтнымі, навошта яны іх хаваюць?
РР: Аб’яднаная грамадзянская партыя прапанавала, каб прадстаўнікі грамадскасці мелі магчымасць прысутнічаць падчас праверкі і падліку падпісных лістоў прэтэндэнтаў. Ці слушная прапанова?
Сяргей Калякін: Гэтая прапанова не дасць ніякага рэальнага выніку. Калі ёсць спрэчкі, то прадстаўнікі каманд павінны быць, каб мець права голасу падчас аспрэчвання.
Але няма ніякага сэнсу прысутнічаць падчас падліку падпісных лістоў прадстаўнікам грамадскасці. Трэба разумець, што падлік ідзе не ў Цэнтрвыбаркаме, подпісы здаюцца па раёнах. І што вы там убачыце? Напрыклад, у адным раёне вы ўбачыце 100 подпісаў за прэтэндэнта, а ў другім вас не было і затым скажуць, што там – 40 тысяч подпісаў. Вось і ўвесь эфект.
РР: Ваш прагноз: колькі з сямі прэтэндэнтаў зарэгіструюць?
Сяргей Калякін: Думаю, сабралі подпісы чатыры прэтэндэнты – Віктар Бабарыка, Аляксандр Лукашэнка, Валерый Цапкала і Святлана Ціханоўская. Мяркую, Андрэй Дзімітрыеў, Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань па 100 тысяч подпісаў не сабралі, і гэта было бачна па тым, наколькі актыўна падтрымліваў народ гэтых людзей на пікетах.
Не выключана, што ў іх няма і паловы неабходнай колькасці подпісаў, якія неабходны для рэгістрацыі кандыдатам
РР: Яны будуць зарэгістраваны?
Сяргей Калякін: Улады будуць думаць, ці патрэбна ім шмат кандыдатаў альбо трэба адсекчы некаторых. Зрэшты, гэта не мае абсалютна аніякага дачынення да сапраўдных выбараў. Палітычнае шулерства выбарамі не называюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя