Сяргей Калякін: Усе прызвычаіліся да “ручнога кіравання”
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае пра тое, ці патрэбны ў Беларусі селектарныя нарады.
2 жніўня беларускі кіраўнік правёў селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджая ў 2017 годзе. Тым часам, такія нарады не практыкаваліся ў краіне ўжо некалькі гадоў.
Сяргей Калякін: З аднаго боку ў селектарных нарадах можна знайсці і станоўчае. Яны, напрыклад, дазваляюць аператыўна ўзгадняць нейкія дзеянні з улікам магчымасцей, матэрыяльных рэсурсаў, няпростага надвор’я, якое ёсць. Можна высвятліць агульную абстаноўку ў сельскай гаспадарцы і тэрмінова аказаць дапамогу.
РР: Без такіх мерапрыемстваў ураджай ніяк не сабраць?
Сяргей Калякін: Я ўвогуле лічу, што такія нарады – наўрад ці справа кіраўніка дзяржавы. З гэтым цалкам мог бы справіцца віцэ-прэм’ер, які курыруе сельскую гаспадарку альбо кіраўнік ўраду, калі ўжо вельмі надзвычайная сітуацыя. Але ў Беларусі эканоміка працуе ў сістэме “ручнога кіравання”, таму ўсе да гэтага і прызвычаіліся. Без загадаў зверху могуць не даць рэсурсы, каманды ідуць з аднаго цэнтра. І калі не будзе такіх загадў, то гэта можа наогул прывесці да ступара ў працы. Ад такога кіравання трэба, безумоўна, адмаўляцца, але на гэты момант маем тое, што маем. Савецкі стыль працы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя