Сяргей Калякін: Вялікая перамога не будзе хуткай



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін выказаўся пра маршы, якія працягваюць праходзіць у Беларусі.

Сяргей Калякін: Маршы гавораць пра тое, што людзі заклапочаны сваёй будучыняй. Яны разумеюць, у якой краіне жывуць, і не прымаюць тую хлусню, што ім прапануюць улады пад выглядам вынікаў выбараў. Людзі абараняюць свае правы і гэта вельмі добра. Мы да гэтага вельмі доўга ішлі, і я думаю, што гэта добры ціск на ўладу. Галоўнае – утрымлівацца ў межах мірных акцый і не паддавацца на правакацыі.

Адбыўся наогул якасны скачок у беларускім грамадстве, калі не толькі людзі, пераадолеўшы страх, пачалі выходзіць на вуліцу, але з’явіліся вельмі моцныя прыклады салідарнасці паміж людзьмі. Гэта ўсё проста цудоўна, і наша партыя, безумоўна, на баку мірных пратэстоўцаў, якія ўжо атрымалі маленькую перамогу. Вялікая перамога не будзе такой хуткай, як думаюць некаторыя, але ад вытрымкі і цярпення таксама шмат што залежыць.

Кожны марш дае свой вынік, нягледзячы на тое, што ён не такі відавочны. Натуральна, улада не падае на калені перад дэманстрантамі, не здаецца, але адбываюцца якасныя змены ў галовах людзей. Усё больш і больш людзей разумеюць сітуацыю. У тым ліку, і тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе.

РР: Які павінен быць галоўны вынік мірных пратэстаў?

Сяргей Калякін: У ідэале павінны адбыцца новыя выбары, бо менавіта такія першапачатковы мэты былі заяўлены. Павінны спыніцца рэпрэсіі, хаця ў гэтым плане ўлада па другім крузе стала наступаць на старыя граблі.

Павінна быць адноўлена законнасць у краіне. Мы павінны жыць у краіне, дзе працуюць законы і Канстытуцыя, і па волі народа адбываецца змена ўлады.

РР: Відавочна, што рэжым ніколі пойдзе на паўторныя выбары…

Сяргей Калякін: А хто сказаў, што такое немагчыма? У гісторыі розныя бывалі прыклады. Здавалася, улада будзе існаваць вечна, а ў адзін момант яна знікала, як пыл.

Усё гэта гісторыя праходзіла. У свеце дзясяткі разоў дыктатуры абсалютна нечакана падалі і абсалютна мірным шляхам. Трэба мець цярпенне і настойлівасць з боку людзей, якія хочуць зменаў.

РР: Але ж беларускі рэжым мае падтрымку Масквы, значыцца без капейкі не застанецца.

Сяргей Калякін: Асабіста я ніякай падтрымкі не ўбачыў. У чым яна заключаецца? У тым, што Беларусі паабяцалі крэдыт у паўтары мільярда даляраў? Дык жа не далі грошай, будуць разглядаць яшчэ пытанне. І нешта патрабаваць узамен.

Пуцін сказаў, што Крэмль выступае супраць вырашэння праблем у Беларусі знешнімі сіламі, за тое, каб канфлікт павінен быў вырашаны праз унутраны дыялог. Я разумею, што Расея мае свае погляды на Беларусь. Масква зараз збоку назірае за тым, як слабее беларускі рэжым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя