Беларуская партыя працоўных падтрымала вылучэнне Сяргея Калякіна



Аргкамітэт Беларускай партыі працоўных падтрымаў вылучэнне Сяргея Калякіна на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Паводле лідара аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, Калякін мае багаты досвед палітычнай і кіраўнічай працы, а сама Беларуская партыя левых “Справядлівы Свет”, якую той ачольвае, мае дастаткова рэсурсаў для арганізацыі кампаніі. Аляксандр Бухвостаў лічыць, што менавіта аб’яднаныя левыя сілы на сённяшні дзень адныя з найбольш дзеяздольных, хоць і разумее, што сумленных выбараў у Беларусі па-просту няма:

– Усё ж такі палітычныя партыі павінны весці палітычную барацьбу, нават, калі ў іх недастаткова моцы, каб дабіцца канчатковага выніку, хаця спадзявацца на гэта трэба. Калі мы зрабілі заяву, мы напісалі, што Сяргей Калякін павінен стаць кандыдатам ад усіх працоўных і перамагчы. Калі ты ідзеш у бой, то павінен думаць, што пераможаш. 

Пра намер вылучацца на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах ужо заявілі шасцёра чалавек: палітыкі Сяргей Калякін, Сяргей Гайдукевіч і Анатоль Лябедзька, грамадскія дзяячкі Алена Анісім і Таццяна Караткевіч, а таксама кандыдат-самавылучэнец Юры Шульган.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

На 18-ым з’ездзе Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”, які прайшоў у

Менску 23- 24 мая, яе старшынём пераабраны Сяргей Калякін. Таксама на з’ездзе, пасля няпростай дысусіі аб мэтазгоднасці ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, вырашана, што партыя будзе ўдзельнічаць у іх. А як кандыдата падтрымае свайго лідара. Хоць некаторыя дэлегаты сумняваліся ў мэтнасці асобнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Сам Сяргей Калякін лічыць, што рашэнні з’езда, хаця яны і прымаліся няпроста, маюць этапны, а магчыма, гістарычны характар.

Сяргей Калякін: „Рашэнні, якія сёння прыняты, могуць мець як станоўчыя, так і негатыўныя наступствы для будучага партыі. Таму вельмі адказна людзі да гэтага падышлі. Была вельмі адкрытая дыскусія. Прынятыя рашэння, у выпадку поўнай іх рэалізацыі, нададуць партыі імпульс да новага развіцця. А разам с партыяй новае развіццё і дынаміку набудуць і новыя дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. А магчыма, увогуле, адбудуцца вельмі сур’ёзныя змены ў грамадстве”

З’езд сваімі рашэннямі адчыніў дзверы для далейшага руху партыі. І зараз усё будзе залежаць ад партыйнага актыва, — ці партыя пойдзе наперад, ці будзе адкінута назад. „Але на дадзены момант праграма, якую мы ставілі перад сабой напярэдадні з’езда, выканана ў поўным аб’ёме, — кажа Сяргей Калякін.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя