Сяргей Кунцэвіч на волі
Сяргей Кунцэвіч выйшаў на волю з СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч.
«Хачу падзяліцца шчаслівай навіной – Сяргей Кунцэвіч на волі! Не зламаны і яшчэ больш моцны. Жыве Беларусь! », – напісаў Мікалай Статкевіч.
На просьбу Радыё Свабоды пракаментаваць сваё вызваленне і ранейшую інфармацыю пра катаванні электратокам ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, Кунцэвіч адказаў: «Не ўсё адразу. Мне трэба вывучыць абстаноўку ».
Сяргей Кунцэвіч – паплечнік Мікалая Статкевіча, член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў затрыманы ў першай палове дня 25 сакавіка і змешчаны спачатку ў СІЗА КДБ, а пасля пераведзены на «Валадарку». Яму прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 293 ч.3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).
Сюжэт пра затрыманне Кунцэвіча паказалі на БТ. Журналісты называлі яго «кіроўцам Статкевіча» і дэманстравалі кадры, як з яго машыны дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю, так званым кактэйлем Молатава.
Зараз за кратамі па «справе патрыётаў» застаюцца 15 чалавек.