Сяргей Мазан: Лукашэнка прыбірае з выбарчай гонкі ўсіх сур’ёзных канкурэнтаў



Чаго чакаць ад агітацыйнай кампаніі? Ці тэма каронавірусу на выбарах ужо адыйшла на другі план? Што можа вывесці людзей на вуліцы?

На гэтыя ды іншыя пытанні шукаў адказы берасцейскі сябра Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Мазан:

РР: Ваша адзнака падзеяў, што адбыліся за апошнія тыдзень-два? Гэта і арышты блогераў, і новыя падазраваныя ў справах і г.д.

Сяргей Мазан: Тое, што адбываецца зараз у Беларусі падчас гэтай кампаніі – гэта ніяк па-іншаму, як страх Лукашэнкі, назваць нельга. Зараз мы бачым, што ўлада выбіла з прэзідэнцкай гонкі яшчэ аднаго лідара – Цапкалу. Напэўна, другі лідар Бабарыка таксама не будзе зарэгістраваны кандыдатам. Такім чынам, Лукашэнка пакідае “ручную апазіцыю” ў выглядзе Канапацкай і іншых. Што тычыцца затрыманняў блогераў і адміністратараў тэлеграм-каналаў – гэта таксама сведчыць пра тое, што Лукашэнка і гэтая машына ў выглядзе БТ і ОНТ не спраўляецца з прапагандай. Таму затрымліваюць лідараў інтэрнэту, якіх слухаюць і якім вераць людзі.

РР: А ці магчымыя пратэсты без лідараў?

Сяргей Мазан: Насамрэч я лічу, што пратэсты без лідараў магчымы. Таму што, як паказвае час, лідары паўстаюць самі па сабе.  Мы пабачылі першы ланцуг салідарнасці ў Менску, калі ўсе лідары зыйшлі з пікетаў, а людзі стаялі да ночы. Гэта было без лідараў. То бок, людзі самі арганізаваліся. І я лічу, калі ўлада будзе дзейнічаць далей такім чынам, то людзі проста самаарганізуюцца і тады ім ужо не будзе патрэбны лідар. Яны проста выйдуць у знак пратэсту.

РР: Вашыя прагнозы. Якой можа быць агітацыйная кампанія, у тым ліку ў рэгіёне?

Сяргей Мазан: Я не ведаю, якой яна будзе, па адной простай прычыне, – мы бачым, што ў Берасці, гэта толькі дзве пляцоўкі, на якіх можна агітаваць, у Менску – гэта тры пляцоўкі, а ў некаторых маленькіх гарадах наогул нічога няма. Дзе агітаваць? І галоўнае – каму агітаваць, калі галоўных сваіх канкурэнтаў Лукашэнка зняў з гэтай гонкі. Зараз ён адзін. Лукашэнка пазбавіўся ўсіх, каго мог, каго баяўся. Таму я нават не ўяўляю, як будзе праходзіць гэтая агітацыйная кампанія. Лукашэнка зараз баіцца ўсяго.

РР: Ці варта чакаць працягу ціску падчас агітацыйнай кампаніі?

Сяргей Мазан: Я лічу, што трэба быць гатовым да гэтага, таму што ўлада будзе ціснуць на ўсіх, хто мае іншае меркаванне на тыя дзеянні, якія зараз адбываюцца ў краіне. Не хацелася б, але я лічу, што затрыманні будуць.

РР: Каму з кандыдатаў вы б аддалі сваю перавагу? Уі да каго вы хацелі б трапіць у каманду?

Сяргей Мазан: У гэтай кампаніі я быў сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай. Але яна не падавала дакументы, каб далей удзельнічаць у выбарах. З тых, каго я бачу, мне блізкі Цапкала, мне блізкі Бабарыка, але, як паказвае час, ні адзін ні другі да выбараў не дойдуць. Хацелася б, каб штабы Бабарыкі і Цапкалы неяк размаўлялі з іншымі кандыдатамі. Я, напрыклад, бачу, што Чэрачэнь мог бы быць альтэрнатывай, на мой погляд, гэта адзіны не статыст Лукашэнкі, пра гэта можа казаць нават тое, што ён адмовіўся ад тых подпісаў, якія яму намалявала Ярмошына, і стаіць на сваіх 106 тысячах. Тая ж Канапацкая знаходзіць нейкія новыя і новыя прычыны, чаму ў яе разыходзяцца лічбы.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ok.ru