Сяргей Мазан: У людзей павінна быць альтэрнатыва



Палітычныя кампаніі – гэта магчымасць выйсці на вуліцы і пачаць размову з людзьмі. Менавіта так трэба выкарыстаць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. У гэтым перакананы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Мазан.

Ён ужо амаль пяць гадоў не застаецца абыякавым да палітычнай сітуацыі ў краіне і балатуецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты:

– Насамрэч людзі ў нас апалітычныя, пасіўныя, яны не цікавяцца палітыкай. Наша мэта данесці да людзей другі бок і мы гэта робім. Дазваляецца выходзіць на вуліцы, ладзіць пікеты, збірацца з людзьмі, дзе можна даносіць ім сваю кропку бачання на тыя падзеі, якія зараз адбываюцца. Не ўсё так добра, як паказвае БТ. Незадаволенасць у інтэрнэце яна толькі ў інтэрнэце, яна на кухні, значыць на кухні. Трэба з людзьмі гаварыць і трохі іх расштурхаць, бо яны нейкія сонныя.

Грамадскі дзеяч Сяргей Мазан плануе прыняць удзел у бліжэйшых палітычных кампаніях. Ён упэўнены ў тым, што ў людзей заўсёды павінна быць альтэрнатыва.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце