Сяргей Навіцкі заклікае іпэшнікаў на мясцовыя выбары



Гендырэктар «Хенкель Баўтэхнік», старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Менаблвыканкаме, былы сябар Савета Рэспублікі Сергей Навіцкі падчас дыскусіі на паседжанні Ліберальнага клуба заклікаў бізнесоўцаў актыўна ўдзельнічаць у выбарах у Саветы мясцовых дэпутатаў. Выбары адбудуцца ў лютым 2018 года.

Бо калі мы з вамі актыўна не ідзем на тыя ж мясцовыя выбары з прычыны, што можна не прайсці, не хочаш ці баішся, то туды пройдуць зноў-такі тыя, каго паставіць дзяржава, тыя, хто ўжо з малых гадоў атрымлівае датацыі. Напрыклад, той жа БРСМ. Кашульку надзелі, шапачку, а цяпер і заробак будзе атрымліваць. Сказалі ісці туды – і ён пайшоў.

Сяргей Навіцкі зазначыў, што яго зусім не цікавіла палітыка і дэпутацтва, але калісьці прыйшлося ўключацца ў кампанію па выбарах у Менскі абласны Савет дэпутатаў, адкуль ягоная кар’ера сягнула Савета Рэспублікі.

– Проста прыехаў намеснік выканкама, сказаў, што я развіваюся, у мяне людзей, знаёмых шмат, што трэба мяне падтрымаць. Я сказаў, што не хачу, навошта гэта мне. Але атрымалася так, што без мяне мяне ажанілі: апынуўся ў спісах, спачатку ў абласным. Людзі прагаласавалі. Я толькі здымак паспеў зрабіць і перапрапісацца цягам дня, бо жыву ў раёне, а прапісаны ў Менску.

Сяргей Навіцкі кажа, што некалькі ягоных прапановаў што да прадпрымальніцтва былі заўважаныя і знайшлі месца ў новым заканадаўстве. «А калі я буду не адзін? Калі нас будзе пяць-дзесяць? Зусім іншая рэч. Таму смела ідзіце і спрабуйце», – сказаў Навіцкі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zviazda.by