Сяргей Навумчык: 27 ліпеня – адна з самых значных дат у гісторыі Беларусі



Журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Сяргей Навумчык – адзін з тых, хто наблізіў яшчэ савецкую Беларусь да рэальнай незалежнасці.

Нягледзячы на прэсінг камуністычнай большасці, 27 ліпеня 1990г. фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўдалося дамагчыся прыняцца Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

– Мы распрацавалі праект дэкларацыі. Многім ён падаваўся тады даволі радыкальным, хаця ўвесь радыкалізм быў хіба ў тым, што мы нагадвалі: БССР папярэднічалі самастойныя Вялікае Княства Літоўскае, Беларуская Народная Рэспубліка. І што незалежнасць БНР была растаптаная, разарваная штыкамі чырвонаармейцаў, камуністаў… Калі мы прапанавалі гэты праект на сесіі Вярхоўнага Савета, дык у камуністаў быў шок. Яны расцанілі гэта нават не як радыкалізм, а як экстрэмізм. Камуністаў была большасць, і яны адрынулі гэты праект. Але ў чэрвені 1990г. Вярхоўны Савет РСФСР, прыняў рашэнне аб суверэнітэце Расеі. Гэта было зроблена Ельцыным для таго, каб зменшыць уладу Гарбачова.І Гарбачоў парэкамендаваў усім Вярхоўным Саветам рэспублік прыняць аналагічныя дэкларацыі. Якія б не дэкларавалі выхад з СССР, а пацвярджалі суверэнітэт у межах Савецкага Саюзу, – прыгадвае Сяргей Навумчык.

Тут і прыдалася складзеная раней дэкларацыя пра беларускую незалежнасць, бо камуністычная большасць не мела чаго прапанаваць на абмеркаванне. Яно ішло вельмі цяжка, амаль кожны пункт выклікаў вострыя спрэчкі, асабліва што да палажэнняў пра пацвярджэнне суверэнітэту БССР. Таму прынятую 27 ліпеня 1990г. Дэкларацыю пра суверэнітэт Беларусі Сяргей Навумчык лічыць не вельмі дасканалай. Але яна адыграла сваю ролю: падрыхтавала гатоўнасць да сцвярджэння сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці 25 жніўня 1991г. Тады, неўзабаве пасля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны Савет 12-га склікання надаў дакументу заканадаўчы статус.

Цягам 1991-1996 гадоў 27 ліпеня адзначалася як галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Пасля лістападаўскага рэферэндума 1996 г. свята перанеслі на 3 ліпеня, дзень вызвалення Менску ад гітлераўцаў.

– Гэта быў перыяд, калі Лукашэнка імкнуўся ў Крэмль, прынёсшы туды на сподачку Беларусь. Ён вельмі негатыўна, нават абразліва выказваўся пра суверэнітэт краіны. І ўвогуле хацеў знішчыць любыя згадкі пра незалежнасць. Вядома, 3 ліпеня- гэта ніякі не Дзень незалежнасці, і нават не дзень вызвалення Беларусі, бо тады быў вызвалены менавіта Менск. Да ўсяго, тэма Вялікай Перамогі выкарыстоўваецца Крамлём у палітычных мэтах, і прыняць гэтае свята – значыць прывязаць сябе ментальна да Масквы і да Расеі, – кажа Сяргей Навумчык.

Што да гістарычнага значэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, то ён згадвае адно з палажэнняў дакумента, якое так і засталося нерэалізаваным дагэтуль. Яно тычыцца долі Беларусі ў валютным алмазным фондзе і маёмасці СССР за мяжой. Ні Кебіч, Ні Шушкевіч, ні тым больш пазней Лукашэнка ніколі не выказвалі з гэтай нагоды абсалютна абгрунтаваных прэтэнзій да Расеі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з асабістага архівы Сяргея Навумчыка