Сяргей Навумчык: Рэферэндум 14 траўня ўдарыў па свядомасці і гонары нацыі



14 траўня – 28-я ўгодкі першага ў гісторыі Рэспублікі Беларусь рэферэндума, пасля якога краіна змяніла дзяржаўную сімволіку — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг — на падпраўленыя савецкія сімвалы, а расейская мова набыла статус дзяржаўнай нароўні з беларускай.

Праз гэты рэферэндум прэзідэнт атрымаў паўнамоцтвы  распускаць Парламент і былі акрэслены  пытанні эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.  На думку непасрэднага сведкі тых падзеяў, былога дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання, журналіста Сяргея Навумчыка, трагічныя для Беларусі наступствы рэферэндуму мы назіраем якраз цяпер:

– Чаму ў жніўні не адбылося перамогі да канца, чаму сёння ў Беларусі адбываюцца неверагодныя па маштабах катаванні, а людзі гэта церпяць? Гэта вынік таго, што ў 1995-м годзе нацыі, якая пачала адраджацца, пераламалі хрыбет. Гэта быў вельмі адчувальны ўдар па нацыянальным адраджэнні, па свядомасці і па гонары нацыі.

 Сяргей Навумчык перакананы, што вынікі рэферэндума 14 траўня 1995 году незаконныя, бо яго палажэнні супярэчылі Канстытуцыі, і падчас падрыхтоўкі рэферэндуму былі збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія спрабавалі бараніць непарушнасць Асноўнага Закону краіны. Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання адзначае таксама, што вынікі рэферэндуму, як і вынікі выбараў у новы Вярхоўны Савет, былі сфальсіфікаваныя. І што пытанні рэферэндуму былі сфармуляваныя такім чынам, каб знарок заблытаць людзей. Да прыкладу, пад пытаннем пра  “новыя дзяржаўныя сімвалы”  шмат хто з беларусаў  разумеў легітымізацыю бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”, уведзеных тры гады таму, а не абноўленыя сімвалы савецкага часу.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя