Сяргей Нікалюк: Хамелеон паўзе марудна, але дапаўзае да вяршыні баабаба



Палітолаг Сяргей Нікалюк распавёў, ці стануць сёлетнія прэзідэнцкія выбары падзеяй для краіны.

Сяргей Нікалюк: На мой погляд, самае галоўнае пытанне, якое ёсць падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі: ці стануць так званыя выбары падзеяй?

Што пад гэтым трэба разумець? Расейскі палітолаг Кацярына Шульман з гэтай нагоды кажа так: “Падзеі трэба адрозніваць ад навін”. Навіны – гэта тое, што прыцягвае ўвагу. А падзеі – гэта тое, што мае наступствы.

Напрыклад, прэзідэнцкія выбары 2015 года падзеяй не сталі, хаця ў перадвыбарчым працэсе ўсе абмяркоўвалі і пра шанцы кандыдатаў, і гэдак далей. Думаю, што гэтыя выбары таксама падзеяй не стануць, хаця нейкі шанц усё-такі ёсць.

РР: Ёсць падставы так меркаваць?

Сяргей Нікалюк: Ёсць такі выраз: хамелеон паўзе марудна, але дапаўзае да вяршыні баабаба. І ў Беларусі сітуацыя марудна, пакрысе, але змяняецца.

У краіне ў нулявыя гады сярэднія эканамічныя тэмпы роста былі 7,4 адсотка, а зараз – 1,1 адсотка. Тэмпы знізіліся ў сем разоў. Гэта і ёсць падзея, на якую мала хто звяртае ўвагу.

І яшчэ адна вялікая падзея адбылася ў снежні 2018 года ў Берасці, калі цяпер ужо экс-кіраўнік урада Расеі Дзмітрый Мядзведзеў выказаўся пра далейшыя шляхі развіцця Саюзнай дзяржавы. І з таго часу Масква гэтую палітыку паслядоўна праводзіць, расейскі хамелеон паўзе.

РР: Крэмль пастараецца паўплываць на выбары ў Беларусі?

Сяргей Нікалюк: Адназначна, што ў Маскве прынята нейкая стратэгія адносна Беларусі, і ёй там паслядоўна кіруюцца.

У траўні, напрыклад, высвятлілася, што Беларусь ад Расеі атрымлівае газ даражэйшы, чым ён прадаецца ў Еўропе на спотавых рынках. Адказ Крамля быў прыкладна такі: інакш і не будзе.

Альбо іншы факт. Не так даўно кіраўнік Беларусі разглядаў айчынныя ракеты, але аказалася, што выпрабаваць іх на расейскіх палігонах нельга. І ў той жа час больш за дваццаць гадоў Лукашэнка распавядае беларусам, што Расея цэніць Беларусь у тым ліку і за тое, што ў яе няма іншай заходняй ваеннай групіроўкі акрамя Беларусі. А тут атрымліваецца, што Крэмль пляваць хацеў на гэтую групіроўку і на тое, у якім стане яна знаходзіцца.

Усе гэтыя падзеі накладваюцца адна на другую.

РР: Некаторая частка апазіцыі спрабавала абраць адзінага кандыдата, але ў іх нічога не атрымалася…

Сяргей Нікалюк: Праблема ў альтэрнатыве найперш заключаецца ў тым, што для альтэрнатывы ў галовах людзей павінна вызваліцца месца. Напрыклад, у сям’і так здараецца, што бацька становіцца для яе галоўнай пагрозай, і тады яго месца вызваляецца.

Мы памятаем, як у свой час зляцеў Гарбачоў, а затым і Ельцын… У Беларусі ў 1994 годзе гэтае месца таксама вызвалілася, таму зараз пытанне: ці ёсць сёння неабходнасць для беларусаў у новым чалавеку, які будзе клапаціцца пра народ?

І можна сказаць, што такая неабходнасць ужо фарміруецца. Гэта паказваюць падзеі, калі да блогера Сяргея Ціханоўскага стаяць чэргі, каб паставіць подпіс. Сітуацыя ідзе да таго, калі людзі бачаць праблему ў кіраўніцтве краіны.

Нягледзячы на вялікія праблемы ў эканоміцы, апошнім часам узраслі прыбыткі насельніцтва, а гэта кажа пра тое, што ўладзе не ўсё роўна, як на яе глядзіць народ.

Хаця, на мой погляд, выбары пройдуць як звычайна, і вынік будзе таксама, як звычайна. Але, як сказаў некалі Вячаслаў Кебіч, мы прачнемся, а праблемы прачнуцца разам з намі. Пасля выбараў беларусы іх адчуюць у поўным аб’ёме.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by