Сяргей Нікалюк: Не бачу ніякага сэнса ў вылучэнні “адзінага”
Палітолаг патлумачыў, чаму лічыць бессэнсоўнымі гульні апазіцыі ў адзінага кандыдата.
Сяргей Нікалюк: Пра ініцытыву абрання адзінага хачу сказаць так: больш недарэчнага занятка і прыдумаць немагчыма. Патлумачу, чаму я так лічу.
Апазіцыя ўяўляецца ў яе карціне свету галоўным элементам супрацьстаянне ўлады і апазіцыі. Дык вось гэтага няма ў рэальнасці. Калі хто вывучаў марксізм-ленінізм, то ведае, што ёсць такое паняцце, як рэвалюцыйная сітуацыя. І яна не ўзнікае па жаданні некага. Сёння мы маем у Беларусі кансалідаваную аўтарытарную ўладу, якая мае сілавыя сродкі ўплыву на грамадства. І змагацца з гэтай уладай няма сэнса. Свае сілы апазіцыі патрэбна накіроўваць на падтрымку праціўнікаў улады, на іх яднанне.
Калі элементам палітыкі ва Усходняй Еўропе былі савецкія танкі, заклікаць да актыўнай барацьбы з рэжымам, было правакацыяй. І, напрыклад, Вацлаў Гавел рабіў тое, што падвышала яго аўтарытэт. А калі савецкія танкі перасталі быць фактарам палітыкі, раптам такія людзі, як Гавел аказаліся запатрабаванымі, і яны змаглі вырашыць задачы, якія стаялі перад грамадствам.
РР: У Беларусі такіх лідараў няма?
Сяргей Нікалюк: У нас падчас перабудовы ўлада разбурылася без усялякай апазіцыі. Але тое, што адбылося далей (калі паглядзець на лёс саюзных рэспублік), залежыла ад таго, якія там былі інтэлектуальныя і іншыя сілы. Мы ўбачылі, па якім шляху пайшлі прыбалты альбо краіны Сярэдняй Азіі.
У Беларусі дэмакртычныя сілы таксама праявілі сябе, калі з’яівліся магчымасці. Але сёння мы маем аўтарытарны рэжым і суадноснае грамадства. Беларусы ўсё-такі не падтрымаюць тых, хто сёння заклікае ісці ў Еўропу. І, на мой погляд, на гэтых выбарах мы ўбачым найгоршы варыянт.
Апазіцыя будзе пастаянна займацца абмеркаваннем шляхоў выбараў адзінага кандыдата, магчыма, яго і выберуць. Але далей што? Давайце і мы з вамі аб’яднаемся, выбярэм таксама з нас дваіх аднаго адзінага кандыдата і заявім, што мы ідзём перамагаць? Які гэта акажа ўплыў на грамадства і на вынікі прэзідэнцкіх выбараў? Ніякага!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя