Сяргей Нікалюк: Не трэба мець вялікіх ілюзій…



Пра перспектывы правядзення дыялогу паміж уладай і прадстаўнікамі апазіцыі разважае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Сяргей Нікалюк: У нас па сутнасці няма паўнацэннага парламента, а таму ва ўлады ўзнікае праблема адваротнай сувязі. Для чаго прыдумалі выбары ў парламент? Для карэкціроўкі курса ўлады. А для чаго праводзілі выбары пры Саюзе? Для дэманстрацыі адзінства партыі і народа. У выніку каля 70 гадоў мы ішлі нязменна правільным курсам. І дзе апынуліся? У Беларусі зараз паўтараецца амаль тая ж сітуацыя. Кіраўнік краіны кажа пастаянна, што мы ідзем правільным курсам, а парламент у нас таксама дэманструе адзінства беларускага народа. І дзе мы зараз знаходзімся ў эканоміцы? Усім вядома. Але прыйшлі мы туды “правільным курсам”. Таму, калі не працуюць канстытуцыйныя механізмы, пачынаецца стварэнне псеўдаструктур, што зараз і назіраем.

РР: Але ж дыялог – гэта хоць нейкі крок наперад…

Сяргей Нікалюк: Так многія і кажуць: хоць нешта, чым нічога. Лепш мець псеўдапарламент, чым ніякага. Бо, калі разваліўся Саюз, у рэспубліках рэальнымі органамі улады аказаліся Вярхоўныя Саветы.

РР: Хто, на ваш погляд, павінен удзельнічаць у “Круглым стале”, калі такі адбудзецца?

Сяргей Нікалюк: Са сваім прадстаўніцтвам улада, думаю, сама разбярэцца. Акрамя таго, патрэбны незалежныя эксперты ў розных галінах і больш-менш яркія прадстаўнікі ад палітычных партый і грамадзянскай супольнасці. Хаця, мяркую, не трэба тут мець вялікіх ілюзій. У нас ужо аднойчы збіралі “Круглы стол”, але гэта па сутнасці ні да чаго не прывяло. Бо нават пры правядзенні дыялога ўлада ставіць для сябе задачу – выкарыстаць яго для ўмацавання ўласных пазіцый. Адным словам, улада насамрэч зацікаўлена ў прапановах апазіцыі, але толькі ў тых, якія ўмацуюць саму ўладу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя