Сяргей Нікалюк: Не варта чакаць хуткага эфекту ад санкцый



“Яшчэ шмат гадоў таму Лукашэнка заявіў, што сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павядзе. І ў гэтым сваім абяцанні ён вельмі паслядоўны”, – каментуе забарону самалётам “Белавія” лётаць у краіны Еўразвязу беларускі палітолаг Сяргей Нікалюк.

–  Таму тое, што мы сёння маем (што праўда, да ваеннай канфрантацыі яшчэ не дайшло, але ўсё да гэтага паціху ідзе), і тое, што беларускія самалёты больш не пускаюць у Еўропу – гэта натуральны працэс. Канешне, вялізнай колькасці грамадзян гэта адгукнецца бытавымі і не толькі бытавымі непрыемнасцямі. Але з гэтым даводзіцца мірыцца. Такі наш палітычны рэжым, які дарэчы не ў паветры вісіць, ён у пэўнай ступені на нас і апіраецца.

Палітолаг прыгадвае, што рыхтуюцца новыя палітычныя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі. Пакуль няма канкрэтных дакументаў, але калі гэтыя санкцыі закрануць нафтапрадукты або калійную прамысловасць, то гэта можа “забалець” беларусам яшчэ больш, чым забарона на палёты самалётаў – кажа Сяргей Нікалюк.

Але заходнія санкцыі не прывядуць да хуткіх вынікаў, гэта справа больш доўгатэрміновай перспектывы – працягвае беларускі палітолаг Сяргей Нікалюк. Ён прыводзіць у прыклад санкцыі ЗША, якія ў свой час прымусілі Іран адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы:

–  Эфект ад санкцый ужо нейкі ёсць, але не варта чакаць хуткага эфекту, маўляў, Захад абвясціў санкцыі, і пачне тэрмінова наша ўлада змяняцца. Але можна паглядзець на нядаўнюю гісторыю, калі санкцыямі амерыканцы прымусілі Іран змяніць сваё рашэнне па ядзерных праграмах, можна знайсці і іншыя прыклады. Яны ёсць, але не трэба чакаць вынікаў ад гэтага ў бліжэйшай перспектыве.

Пры гэтым палітолаг прыгадвае, што беларуская палітычная і эканамічная мадэль у значнай ступені абапіраецца на Расею, а таму ўплыў заходніх санкцый можа быць абмежаваны. Захад можа дапамагчы, але надалей усё залежыць ад саміх беларусаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя