Сяргей Нікалюк: Раней не верылася ў карэйскі варыянт…



Палітолаг Сяргей Нікалюк разважае пра тое, у якім накірунку рухаецца краіна.

Як вядома, Аляксандар Лукашэнка спачатку анансаваў прыняцце важнага рашэння, якое, па яго словах, будзе “адным з прынцыповых рашэнняў за чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва”.

Крыху пазней стала вядома, што будзе падпісаны дэкрэт, які прадугледжвае, што ў экстраннай сітуацыі ўлада будзе пераходзіць да Рады бяспекі. Якія яшчэ “важныя рашэнні” нас могуць чакаць?

Сяргей Нікалюк: Самае прынцыповае рашэнне ў нас было прынята ў 1996 годзе, калі замест Віктара Ганчара кіраўніком Цэнтрвыбаркама стала Лідзія Ярмошына. Нічога важней за гэта рашэнне, думаю, у гісторыі сучаснай Беларусі не было.

А сёння мы ўпэўнена рухаемся са сваёй беларускай спецыфікай у бок Паўночнай Карэі. Не здзіўлюся нават, калі да канца года ў краіне не будзе незалежных СМІ ні ў якім выглядзе і ніякіх апазіцыйных палітычных структур.

РР: Гэта, мне падаецца, занадта песімістычны прагноз…

Сяргей Нікалюк: Мы ўпэўнена да гэтага ідзем, хаця яшчэ да жніўня мінулага года ў карэйскі варыянт верылася з вялікай цяжкасцю.

Калі ты становішся на нейкі шлях, ты пачынаеш рухацца па ім. Гэты шлях органамі ўлады быў сфармуляваны даўно і, калі коратка, то заключаецца ў двух тэзісах. Першы – за цывілізаваным светам краіну не павядуць. Другі – будуць жорсткія рэпрэсіі ўнутры краіны за іншадумства.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя