Сяргей Нікалюк: Расейская “гуманітарка” раскручвае махавік напружанасці



У Менску рыхтуюцца до сустрэчы кіраўнікоў краін Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў Еўразвяза, а тым часам расейскі гуманітарны канвой, якога суправаджаюць баевікі, самавольна заехаў на тэрыторыю Украіны.

Каму на руку абвастрэнне канфлікта напярэдадні перамоваў у беларускай сталіцы? Аб гэтым распавядае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Сяргей Нікалюк: Я не разлічваю на пазітыўны вынік перамоваў у Менску, таму што, як мне падаецца, пуцінская Расея зацікаўлена ў тым, каб ва Украіне была сітуацыя хаоса. Гэта адбываецца таму, што пасля “трыумфальнай” анексіі Крыма высвятлілася, што такі ж сцэнар на Усходзе Украіны не праходзіць. Хоць і раскручваецца. Атрымліваецца, што сілаў праглынуць усходнюю Украіну ў Крамля няма, але затое яго цалкам задавальняе тое, што мы бачым зараз. Усе ж забыліся пра Крым, апошнім часам сканцэнтраваліся на падзеях у Луганскай і Данецкай абласцях. А, калі сітуацыя на Усходзе Украіны нармалізуецца, “крымскае пытанне” адразу ж усплыве на паверхню. Бо на Захадзе ніхто ж не прызнаў расейскі Крым. Маскве, натуральна, гэта не патрэбна. Таму не патрэбна Крамлю нармалізацыя.

РР: Чаму тады Пуцін згадзіўся на перамовы ў Менску?

Сяргей Нікалюк: Наўпрост адмовіцца ён не мог. Не зразумелі б. А так, маўляў, украінскія ўлады ва ўсім вінаватыя, Масква ж гатовая да дыялогу. Але, паўтаруся, не варта чакаць ад гэтага мерапрыемства нейкіх кардынальных рашэнняў, якія спыняць кравапраліццё, бо ў гэтым ёсць зацікаўлены бок. Зрэшты, у жыцці здараюцца і цуды, так што будзем спадзявацца на лепшае таксама.

РР: Сёння расейскі гуманітарны канвой у суправаджэнні сепаратыстаў самавольна заехаў на тэрыторыю Украіны. Масква вырашыла абвастрыць сітуацыю напярэдадні менскай сустрэчы 26 жніўня?

Сяргей Нікалюк: Безумоўна, бо расейская “гуманітарка” першапачаткова была правакацыяй, якая раскручвае махавік напружанасці. Калі танкі трапляюць на ўкраінскую тэрыторыю праз мяжу, якую кантраляюць прарасейскія баевікі, то якія праблемы былі з гуманітарнай дапамогай? Ціха перакінулі б – і ўсё. Не, акцыю пераўтварылі ў чарговы канфлікт інтарэсаў. Пад прыкрыццём такіх “гуманітарных” рэчаў напружанасць і падтрымліваецца. Сёння гуманітарная дапамога, а заўтра яшчэ нешта прыдумаюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя