Сяргей Пеляса: Сітуацыя складаная, але не безнадзейная
Стомленасць ад вайны у высокіх еўрапейскіх кабінетах. Яна назіраецца на фоне таго, што вайна ва Украіне працягваецца і сітуацыя зараз вельмі складаная. Такімі інфармацыямі дзеліцца наш госць – беларускі журналіст і дакументаліст, які займаецца валанцёрствам – Сяргей Пеляса.
Таксама пра валанцёрства паразмаўлялі, ён кажа, што нашыя добраахвотнікі – добра забяспечаныя. Пачалі размову пра ролю беларускіх ваяроў ва Украіне.
Сяргей Пеляса: Дзве розныя справы. Першая справа – гэта агулам сітуацыя стратэгічная ўкраінцаў і беларусаў у вайне ва Украіне. А другая справа – гэта як бы сітуацыя дыспазіцыі нашых аддзелаў. Дзе яны ва ўкраінскай абарончай сістэме, і дзе яны знаходзяцца на фронце, якія задачы яны выконваюць.
Што тычыцца стратэгічнай сітуацыі, то мы ведаем, што на фронце даволі цяжкая, патавая сітуацыя з абодвух бакоў. Кожны бок спрабуе намацаць слабыя кропкі ў абароне праціўніка. Вайна ператвараецца ў пазіцыйную, якая нагадвае Першую сусветную.
Украінцы чакаюць на пастаўкі зброі. Пастаўкі зброі досыць сціплыя. Мы ведаем, што ў ЗША цяпер вырашаецца лёс вялікага пакету для Украіны. На дадзены момант ён заблакаваны. І гэта азначае, што бліжайшыя месяцы для ўкраінскіх ваяроў будуць цяжкімі.
Тым не менш сітуацыя не безнадзейная. Няма нейкага выразнага пералому на бок Расеі, пра гэта нельга казаць. А беларусы займаюць там досыць важнае месца. Хаця колькасна беларусы не складаюць сур’ёзнай сілы з пункту гледжання ўкраінскага войска, якое складаецца з велізарнай колькасці, некалькі сотняў тысячаў, жаўнераў.
У сэнсе сімвалічным, псіхалагічным беларускія добраахвотнікі палка Каліноўскага, так і з іншых падраздзяленняў, гэта батальён «Тэрор» і з іншых, яны маюць вельмі важнае значэнне, як для беларусаў, так і для ўкраінцаў. Я, напрыклад, ведаю, што адзін з беларускіх батальёнаў выконвае важную функцыю на Купянскім фронце. А менавіта на Купянскім фронце расейцы цягам шматлікіх тыдняў спрабуюць атакаваць і прабіцца праз украінскую абарону. Там нашыя добраахвотнікі займаюць адну з важных ключавых пазіцый, абараняюць стык двух украінскіх падраздзяленняў.
Мы ведаем таксама, што за апошнія месяцы беларускія добраахвотнікі панеслі сур’ёзныя страты. Агулам за ўвесь час вайны, як гібрыднай, так і адкрытай з 2014 года, гаворка ідзе больш чым пра 40 беларускіх добраахвотнікаў, якія аддалі свае жыцці ў вайне ва Украіне супраць расейскай агрэсіі.
Апошнія месяцы гэтыя страты крыху меншыя. Мне падаецца, што гэта звязана з тым, што змянілася тактыка дзеяння беларускіх добраахвотнікаў палка Каліноўскага. Гэтыя аддзелы ў меншай меры штурмавыя, у меншай меры гэта пяхота, якая вядзе бой на блізкай адлегласці са стралковай зброі супраць расейцаў, а ў большай меры, гэта аддзелы, якія нясуць агнявую і выведвальную падтрымку як для сваіх падраздзяленняў, так і для ўкраінскіх.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя