Румас: Кіраваць эканомікай старымі метадамі ўжо не заўсёды атрымліваецца



Урад чакае ад Мінэканомікі новых ідэй адносна эканамічнага развіцця Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 20 жніўня, прэзентуючы калектыву ведамства новага міністра Дзмітрыя Крутога.

„Калі ўрад — гэта эканамічны штаб краіны, то Міністэрства эканомікі, безумоўна, з’яўляецца яго ядром, — падкрэсліў Румас. — Я чакаю ад вас і ад вашай каманды новых ідэй. Таму што ўсе мы разумеем, што час цячэ, усё мяняецца, свет мяняецца вакол нас вельмі хутка і кіраваць эканомікай старымі метадамі ўжо не заўсёды атрымліваецца”.

„Разам з тым мне вельмі б хацелася, каб новыя прапановы не былі чыста тэарэтычнымі і адарванымі ад жыцця, а каб яны выдатна спалучаліся з нашай рэчаіснасцю і ўкараненне іх не прыводзіла да нейкіх шокаў”, — заявіў прэм’ер.

Румас удакладніў, што на наступным тыдні ўрад збярэцца для выпрацоўкі канчатковага варыянту прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год, які да 1 верасня павінен быць пададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Ён таксама выказаў чаканне актыўнай дапамогі Мінэканомікі ў падрыхтоўцы праграмы дзеянняў урада.

Экс-кіраўніка міністэрства Уладзіміра Зіноўскага прэм’ер ахарактарызаваў як вельмі патрабавальнага і актыўнага кіраўніка і выказаў надзею, што ён „шмат яшчэ прынясе карысці нашай краіне”.

У сваю чаргу Зіноўскі заўважыў, што яму яшчэ „на печы адпачываць рана” і ён знойдзе, „дзе прымяніць свае вопыт і веды”.

На думку экс-міністра, за амаль чатыры гады яго кіраўніцтва міністэрствам шмат зроблена на карысць развіцця эканомікі, у тым ліку ўкаранёны праграмна-мэтавы метад прагназавання. „На жаль, многія нашы прапановы не заўсёды ўспрымаліся ва ўрадзе і іншых органах дзяржкіравання”, — падкрэсліў Зіноўскі.

belapan.by