У Беларусі бізнесменам дэпутацкі мандат патрэбен, як сабаку пятая нага
Былы бізнесмен і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Скрабец распавядае, чаму прадстаўнікам беларускага бізнесу не вельмі цікава займець дэпутацкі мандат.
«Я вам адказна пра гэта заяўляю: ніхто за грошы, ніякія багатыя людзі, сваіх дэпутатаў не прапхнуць ў парламент, — заявіў днямі Лукашэнка. — Такога яшчэ не было і, напэўна, не будзе. У гэтым найвялікшая вартасць і дасягненне нашага парламентарызму наогул і нашага парламента».
Сяргей Скрабец: Калі я балатаваўся ў дэпутаты, быў, скажам так, не зусім бедным чалавекам. Узначальваў ЗАТ «Гандлёвы дом «Бел-бабаеўскае», меў некалькі мільёнаў даляраў. Прысутнічалі раней у парламенце і іншыя бізнесмены: Клімаў, Александровіч, Марозаў… У нашай фракцыі «Рэспубліка» былі, дарэчы, трое бізнесменаў, і ўсе трое потым трапілі за краты. Я — не выключэнне. Клімаў, хоць і не ўваходзіў у нашу фракцыю, таксама адсядзеў сваё. Да слова, тады ў час выбараў яшчэ лічылі галасы, ніхто не купляў сабе месца ў парламенце. Хаця не хаваю, што наяўнасць фінансаў дазваляла правесці сур’ёзную кампанію. Можна было добра папрацаваць з выбаршчыкамі, арганізаваць прыстойную рэкламную кампанію. Наш Гандлёвы дом аказваў падтрымку розным дзіцячым установам, дапамагаў інвалідам, шмат грошай ішло на дабрачынныя акцыі. Прывозіў я ў Ліду і зорак эстрады, што не забаранялася у час сустрэч з выбаршчыкамі. Сёння сітуацыя змянілася.
РР: Зараз бізнесменам не цікава ісці ў дэпутаты?
Сяргей Скрабец: А навошта? Было ж сказана аднойчы, што, маўляў, няхай бізнесмены, якія ідуць у палітыку, потым не крыўдуюць, бо там іншыя законы. А каму хочацца рызыкаваць сваім бізнесам? Парламент у нашай краіне нічога не вырашае, статус дэпутата — на нулі. Я, калі ішоў у парламент, меў намер пасадзейнічаць таму, каб паслабіць падатковую нагрузку на бізнес. Праўда, мне гэта таксама не ўдалося. З васьмі законаў, якія мы лабіравалі, аніводзін не прайшоў. А вось грошы даводзілася яшчэ і выдаткоўваць – аплачваць розныя экскурсіі для дэпутатаў, навагоднія падарункі і гэтак далей. Таму бізнесмена ў парламенце могуць толькі абадраць, як ліпку, больш нічога. Па чутках, у Расеі дэпутацкае месца каштуе мільёны даляраў, але потым гэтыя грошы дэпутаты «адбіваюць» за год праз рознага кшталту карупцыйныя схемы. А ў Беларусі бізнесменам дэпутацкі мандат патрэбен, прабачце, як сабаку пятая нага.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя