Сяргей Стуканаў: Да Зяленскага добра пасуе азначэнне “маларос”
Ва Украіне наперадзе другі тур выбараў. У ім будуць супернічаць дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка і Уладзімір Зяленскі. Хто адцягне на сябе больш галасоў іншых кандыдатаў, хто мае большыя шанцы на вышэйшую дзяржаўную пасаду за два тыдні да другога туру? Адказвае кіеўскі палітолаг Сяргей Стуканаў:
– Падобна на тое, што больш шанцаў мае Уладзімір Зяленскі. Выбарцы Цімашэнкі, магчыма, будуць галасаваць за яго. Але ёсць частка тых, хто не будзе за яго галасаваць. Магчыма, яны проста праігнаруюць выбары. Выбарцы Бойкі, відавочна, будуць галасаваць за Зяленскага. Выбарцы Ляшка таксама, відавочна, будуць галасаваць за Зяленскага, таму што Ляшко – гэта таксама наш клоун.
Напярэдадні другога туру прэзідэнцкіх выбараў відавочная і розніца паміж кандыдатамі. Парашэнка, нягледзячы на шматлікія нявыкананыя пункты праграмы, так і не пераможаную карупцыю, сапраўды вядзе Украіну нацыянальным курсам, узмацняе войска, якое абараняе ўсходнія межы дзяржавы, а вось Зяленскі ў значна меншай ступені палітычна арыентаваны.
– Адносна Парашэнкі, тут ні ў каго няма пытанняў, які курс ён вядзе, – гэта як мага далей ад Масквы. У нас адраджаецца ўкраінская мова, кіно, іншыя моманты культуры. Што тычыцца Зяленскага, тут якраз пасуе азначэнне “маларос”. Гэта чалавек, які неаднаразова жартаваў над Украінаю. Я не ведаю, ці наважыцца ён перагледзець квоты ўкраінскай мовы на тэлебачанні і радыё. Такія спробы будуць, я перакананы. Тады мы вернемся ў пэўнай меры ў часы Януковіча з намаганнем стварыць двухмоўную Украіну.
Больш за 11%, якія набраў у першым туры выбараў прэзідэнта Украіны прарасейскі кандыдат Юрый Бойка, не павінны здзіўляць, лічыць Сяргей Стуканаў. Гэта даволі аб’ектыўны паказчык. Яшчэ да расейскай агрэсіі прарасейскія сілы набіралі звыш 30% галасоў. Яшчэ засталася частка ўкраінцаў, якая ўсё адно хоча сяброўства з Расеяй, нягледзячы на вайну з ёй, кажа Сяргей Стуканаў.
– Нягледзячы на тое, што мы страцілі Крым, што акупавана частка Данбасу, спадзявацца на тое, што ва Украіне не засталося людзей, якія б хацелі сяброўскіх стасункаў з Расеяй, не выпадае. Амаль 12% Бойкі – адэкватны на сённяшні момант вынік. Тым больш, што астатнія чатыры кандыдаты, якія набралі найбольшы адсотак галасоў, казалі пра еўрапейскую інтэграцыю.
Усё адно, першы тур выбараў, на думку Сяргея Стуканава, паказаў прыхільнасць большасці ўкраінцаў еўрапейскаму вектару палітыкі, бо і Пятро Парашэнка, і Юлія Цімашэнка, і Анатоль Грыцэнка выказваліся за яго і паўночнаатлантычнае супрацоўніцтва. Часткова да іх належыць і Уладзімір Зяленскі.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне адбудзецца 21-га красавіка, а 19-га красавіка пройдуць дэбаты.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novosti-n.org.