Сяргей Вазняк: Першыя 50 тысяч подпісаў неўзабаве перададзім у парламент
Пяцьдзесят тысяч подпісаў сабрана на рэспубліканскім узроўні ў падтрымку кампаніі ’’Народны рэферэндум’’. На пачатку кастрычніка подпісы плануецца перадаць у Палату Прадстаўнікоў Нацыяльнальнага Сходу Рэспублікі Беларусь да разгляду дэпутатам. Адзін з кіраўнікоў кампаніі ’’Гавары Праўду!’’ Сяргей Вазняк адзначыў, што падача подпісаў адмыслова прымеркаваная да іх чарговай сустрэчы:
– Мы адмыслова чакалі 2 кастрычніка, калі адкрыецца восеньская сесія парламента, у гэты дзень мы плануем падаць першыя 50 тысяч подпісаў. Другія 50 тысяч подпісаў мы таксама прымяркуем да нейкай падзеі. Подпісы мы будзем збіраць і далей, мы лічым, што 50 тысяч – гэта ўжо вельмі добра, гэта шмат. Дэпутатам адмахнуцца будзе складана. Тым больш што ў гэтых 50-ці ёсць подпісы выбаршчыкаў са ўсіх 110 выбарчых акруг.
Дэпутаты будуць пастаўлены перад выбарам – ці то ўлічыць меркаванне выбаршчыкаў і правесці рэферэндум, ці то праігнараваць іх думку, але тады гэта ўжо будуць праблемы дэпутатаў, – дадаў Сяргей Вазняк. Кампанія ’’Народнага рэферэндуму’’ ўключае ў сабе шэраг пытанняў, такіх як бясплатная медыцына і адукацыя, ваенная бяспека краіны, абранне прэзідэнта не больш чым на два тэрміны.
Беларускае Радыё Рацыя