Сяргей Верамеенка: Адсочым усе парушэнні
У Гародні пачаўся перадвыбарчы перыяд і за працу ўзяліся назіральнікі ад кампаніі „Права выбару”.
Кажа прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка:
– Кампанія „Права выбару” аб’ядноўвае паміж сабой дэмакратычныя партыі, якія вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, участковыя, а таксама вылучаюцца ў якасці кандыдатаў на маючыя адбыцца перадвыбарчыя кампаніі. Кампанія „Права выбару” адсочвае ўвесь гэты працэс на прадмет парушэнняў, на прадмет адпаведнасці выбарчаму заканадаўству і ўвогуле заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Верамеенка ўпэўнены, што прадстаўнікі кампаніі „Права выбару” будуць удзельнічаць ва ўсіх этапах перадвыбарчай кампаніі:
– На дадзеным этапе ўвесь працэс толькі пачаўся, прадстаўнікі дэмакратычных партый вылучаліся ў акруговыя камісіі. На жаль на Гарадзеншчыне нікога не зарэгістравалі ад дэмакратычных партый. Наступны этап – будуць вылучацца прадстаўнікі ва ўчастковыя камісіі. Я спадзяюся, што людзі знойдуцца, знойдуцца ахвочыя, кампанія „Права выбару” таксама будзе адсочваць увесь працэс: падачу заяваў, разгляд, пасяджэнні, якія будуць адбывацца, а таксама абскарджанне гэтага ўсяго ў судах.
У Гародні назіральнікі ад „Права выбару” збіраюцца працаваць на дзвюх акругах, дзе будуць вылучацца незалежныя кандыдаты ад БХД і Партыі БНФ.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня