Сяргей Верамеенка: Лукашэнка абсалютна пад уладай Расеі



У Беларусі ў 2024 годзе будуць выбіраць дэпутатаў так званага “парламенту” і мясцовых саветаў. У той жа час па-за межамі краіны частка дэмакратычнага асяроддзя рыхтуецца да выбараў у Каардынацыйную раду. Пра гэтыя выбарчыя працэсы, атмасферу, на фоне якой яны будуць праходзіць, а таксама пра магчымыя іх вынікі з нашым сённяшнім госцем – кіраўніком беластоцкай гарадской арганізацыі “БХД” Сяргеем Верамеенкам размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.

РР: Як вядома, у наступным годзе будзе прыдуманы Аляксандрам Лукашэнкам так званы адзіны дзень галасавання – выбары ў палату прадстаўнікоў, тое, як мы называем так званым беларускім парламентам, і выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Што можна сказаць пра гэтыя выбары, чым адметная гэтая кампанія? Ці звязаная неяк з імі апошняя хваля рэпрэсій, якая зноў коціцца па Беларусі?

Сяргей Верамеенка: Тут я магу сказаць як кіраўнік абласной суполкі ад кампаніі колішняй “Права выбару”. Я з’яўляўся прадстаўніком кампаніі “Права выбару” ад 2016 года. Мы назіралі за тымі выбарамі, і мясцовымі, і так званымі парламенцкімі, і так званымі прэзідэнцкімі. Усе яны праходзілі з такімі шматлікімі парушэннямі, што яны не прызнаваліся за легітымныя. А тым больш зараз, калі ідзе вайна, адкрытая вайна і Лукашэнкі супраць нашага народа, і расейская вайна супраць Беларусі і Украіны, то гэта зразумела, што гэта будуць, канешне, не выбары.

Тая хваля рэпрэсій, каторая ідзе зараз, на жаль, не спыняецца, яна толькі павялічваецца. Зачышчана практычна ўся грамадская прастора, уся дэмакратычная супольнасць. І, на жаль, мы дайшлі да такой ступені, што могуць з’явіцца, і ўжо з’яўляюцца цяпер, адкрытыя прарасейскія антыбеларускія кандыдаты. Вось яны могуць патрапіць у гэтую новую палатку і ў мясцовыя саветы, калі ўжо няма абсалютна ніякай канкурэнцыі.

І калі Лукашэнка хацеў бы паставіць на якую сваю “Белую Русь” ці яшчэ каго-небудзь, то, калі раней у яго былі ўмоўнымі канкурэнтамі дэмакратычныя кандыдаты, цяпер гэтыя канкурэнты ўжо не ўмоўныя, а яўна адкрытыя – гэта прарасейскія, прапуцінскія кандыдаты.

РР: Ёсць такое меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка да гэтага часу  не перажыў гэтую траўму прэзідэнцкіх выбараў, падзей 2020 года. Ці сапраўды, як вы думаеце, ці будзе гэта ўплываць на тое, як будзе праходзіць вось гэтая выбарчая кампанія?

Сяргей Верамеенка: На маю думку, ён страціў абсалютны кантроль над Беларуссю, ён страціў кантроль над тым грамадствам, якое ён меў. Цяпер ён абсалютна пад уладай Расеі. Калі раней у яго былі якія-небудзь мажлівасці для манеўру, то цяпер няма аніякіх мажлівасцяў, аніякіх рычагоў уздзеяння і няма нават, каб паказаць еўрапейскаму грамадству, маўляў, глядзіце – у мяне ж ёсць тут апаненты, канкурэнты, каторыя ў так званых выбарах удзельнічаюць. Цяпер такога няма.

Зразумела, што ён баіцца. І трэба памятаць, што ён вельмі помслівы, і ён будзе помсціць да той пары, пакуль ён знаходзіцца ў сваім крэсле.

Калі паглядзець на тое, што зараз адбываецца з палітвязнямі, на ўсе тыя катаванні, на тое, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца – вось гэта і ёсць помста Лукашэнкі. Ён практычна іх павольна забівае, рукамі сваіх вось гэтых прыспешнікаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя