Сяргей Верамеенка: „Сістэма” не дазваляе правесці незалежнае назіранне



Прадстаўнікі кампаніі «Права Выбару» падвялі вынік працы першага дня папярэдняга галасавання на Гарадзеншчыне.

Кіраўнік кампаніі Сяргей Верамеенка лічыць, што на гэтых выбарах «сістэма» не дазваляе правесці незалежнае назіранне:

– Самае першае, што мы фіксуем, гэта нядопуск незалежных назіральнікаў, назіральнікаў ад кампаніі «Права выбару». Цяпер пададзена агулам больш за 400 скаргаў, не толькі нашых, але агулам. Скаргі, якія пададзеныя ў тэрытарыяльныя камісіі. Што датычна нас, то ў нас атрымліваецца толькі адзін участак, дзе мы зможам свабодна назіраць за хадой галасавання. Усе іншыя, на якія мы накіроўвалі, там практычна ўсе атрымліваюць так званы графік згодна з рашэннем Цэнтрвыбаркама, якое па сутнасці супярэчыць Выбарчаму кодэксу.

Выдаленне назіральнікаў з участкаў распачалося ўжо зранку 4 жніўня. На некаторых участках Гародні з’явіліся жанчыны-назіральніцы з Саюзу жанчын, «Белай Русі» ды іншых праўладных арганізацыяў, якія былі зарэгістраванымі першымі ў спісе назіральнікаў, і старшыні камісіяў пачалі выдаляць незалежных назіральнікаў згодна з пастановай ЦВК.

Беларускае Радыё Рацыя