Сяргей Верамеенка: Улады правялі спецаперацыю



Прадстаўнікі кампаніі па назіранні “Права Выбару” па Гарадзеншчыне лічаць, што тое, што правялі ўлады ў перыяд кампаніі 2020 года нельга называць ніякімі выбарамі, аднак ёсць такія ўчасткі, дзе Ціханоўская афіцыйна перамагла.

Каментуе каардынатар кампаніі Сяргей Верамеенка:

– Па сведчанні кампаніі “Права Выбару” з Гародні, з тых участкаў, дзе правільна лічыліся галасы, мы маем наступныя вынікі, што Ціханоўская перамагла. Сведчанні такія, што мінімум 47%, максімум 70%. Гэта ўчасткі нумар 22, 23, 67, 127, на ўчастку 128 Аляксандр Лукашэнка не набраў большасць, прыкладна падзяліліся галасы пароўну, то бок, павінен быць другі тур. На 85 участку таксама перамога Ціханоўскай. Гэтыя пратаколы ўжо ёсць, яны адзнятыя і адпраўлены ў сакратарыят у Менск.

Аднак, па словах Сяргея Верамеенкі, сама кампанія была вельмі бруднай:

– На жаль, былі затрыманні. На жаль, не пускалі нашых назіральнікаў. Некаторыя так званыя праўладныя назіральнікі перадавалі сведчанні нашым назіральнікам. У 32-й школе прыязджаў АМОН, але людзей, што там сабраліся, яны не білі, а проста вывелі камісію, якая там была. Некаторыя нашы назіральнікі літаральна на хаду нам перадавалі сведчанні, збягаючы ад міліцыі.

Сяргей Верамеенка канстатуе, што лёс некаторых затрыманых назіральнікаў невядомы да сённяшняга часу.

Беларускае Радыё Рацыя