Сяргей Высоцкі: Беларусы такія ж ахвяры расейскага імперыялізму, як і ўкраінцы



У выніку апошняй вайны, Беларусь стала маўклівым плацдармам агрэсіі Расейскай Федэрацыі з паўночнага кірунку Украіны. Нібыта саюзніцкія абавязкі змушаюць на такі крок. А на самой справе – гэта выглядае як страта суверэнітэту.

Наш карэспандэнт гутарыць з адмысловым „Госцем Рацыі” – старшынём арганізацыйнага камітэту Беларускай партыі “Свабода-Самаабарона” Сяргеем Высоцкім – пра стратэгічныя наступствы, а таксама ролю Беларусі і беларускай нацыі ў вайне паміж Расеяй ды Украінай.

РР: Як бы Вы ацанілі стан віны, які некаторыя беларусы накладаюць на сябе за тое, што зараз адбываецца ва Украіне?

Сяргей Высоцкі: Па-першае, карыстаючыся магчымасцю хачу чарговы раз выказаць словы падтрымкі ўкраінскаму народу! Бо ўкраінцы змагаюцца на сваёй зямлі. За сваю незалежнасць. За сваю свабоду. Больш за 90% беларусаў катэгарычна супраць гэтай вайны. Але хто ў беларусаў запытаўся? Беларусы знаходзяцца зараз у стане дыктату. І беларусы такія ж самыя ахвяры расейскага імперыялізму, як і ўкраінцы. У нас пануе вельмі жорсткі рэжым. Ён пануе ўжо 27 гадоў. 27 гадоў этнацыду, гвалтоўнай русіфікацыі, і пра тое, што кожны з нас перажыў, можна не паўтарацца. І гэта момант ганьбы найперш для цяперашняй улады. Так, можна сказаць, што да 2019 года яна яшчэ неяк супраціўлялася, выкручвалася як магла. 2020 год я ацэньваю як гібрыдную вайну супраць Беларусі. Людзі паўсталі, але Масква змагла ўзяць пад кантроль улады Беларусі, сілавыя структуры і адбылося тое, што мы зараз назіраем. Магло быць усё па-іншаму. На жаль, мы не пабачылі ні мудрасці цяперашняй улады, я маю на ўвазе 2019 год, не пабачылі мудрасці пасля падзеяў 2020, не пабачылі мудрасці ад тых людзей, якія назвалі сябе новай апазіцыяй, якія сітуатыўна спрыялі вывадам Масквы, запіхванню Беларусі ў Расею. Таму мы прыйшлі да цяперашняга стану.

РР: Што, на Вашую думку, чакае Беларусь і Расею ў выніку распачатай вайны?

Сяргей Высоцкі: Тут ідзе падмена паняццяў і многа хлусні. Усё ж такі трэба быць аб’ектыўнымі. Гэта ганебна для ўлады ў Беларусі, што яна дапусціла такое, але з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі, не пытаючыся, робяць што заўгодна, вядуць абстрэлы. Кажуць, вось беларускія танкі. Гэта расейскія танкі ідуць з Беларусі. І па-другое, безумоўна, што зараз наступствы будуць. Супраць нас і дагэтуль уводзілі санкцыі, а зараз будуць уведзены дадатковыя. Будуць вельмі сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Гэта авантура з боку Пуціна. І яна праваліцца. І наступствы гэтага нават цяжка ўявіць. Аж да распаду расейскай сістэмы і да распаду расейскай дзяржаўнасці. Для Беларусі наступствы таксама будуць вельмі сур’ёзнымі. Але паўтаруся – беларусам ніхто не даў ніводнага шанцу! І беларускія нацыянальна-патрыятычныя сілы не мелі ніякай падтрымкі. Таму зараз будзе задача кансалідавацца ў гэты пераломны момант, стаць арганізаванай сілай і ўзяць свой лёс у свае рукі, каб ізноў не выйшла, што за нас вырашаюць альбо нехта на Усходзе, альбо нехта на Захадзе.

РР: Наколькі ўкраінскі народ здольны вытрымаць такі маштабны наступ ворага на сваю краіну?

Сяргей Высоцкі: Безумоўна, украінскае войска дэманструе ўзорную мужнасць, пра што сведчыць прыклад выспы Змяіны – дзе загінулі ўсе да аднаго ўкраінскія памежнікі, не здаўшыся ворагу, і мужнасць тэрытарыяльнай абароны. Перамагчы народ немагчыма. У гэтым авантура і стратэгічная памылка Пуціна. Украіна – вялікая дзяржава, вялікі народ. І ясна, што ўжо адбываецца не тое, што планавалі расейскія стратэгі генштабу. Нават калі ў вайсковым плане зараз расейскія войскі замацуюцца, трэба яшчэ гэтую тэрыторыю ўтрымаць. Яе ўтрымаць пры такім супраціве, такім непрыяцці НЕМАГЧЫМА. Таму сітуацыя для Расеі будзе пагаршацца. І важна, каб мы ў гэтай сітуацыі былі арганізаваныя, і рыхтаваліся да гэтага.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя