Сяргей Высоцкі: Гэта самыя небяспечныя выбары для беларускай дзяржаўнасці
Беларусь знаходзіцца пад прыцэлам расейскай гібрыднай агрэсіі. Спрыяе гэтаму ў тым ліку наяўнасць гэтак званай «расейскай партыі» ў асяроддзі прэтэндэнтаў, і адсутнасць праеўрапейскага, незалежніцкага прадстаўніка. Але выйсце рэжым знайшоў у рэпрэсіях.
«Гэта самыя небяспечныя выбары для беларускай дзяржаўнасці, дзяржаўнай незалежнасці», – цвердзіць кіраўнік «Беларускай Партыі Свабоды-Самаабароны» Сяргей Высоцкі:
– Я атрымаў дакладную інфармацыю з самых высокіх крыніцаў, кантактую з амбасадарамі, экспертамі, палітыкамі з Украіны, Польшчы, Балтыйскімі краінамі, з амерыканскімі калегамі, з прадстаўнікамі расейскай апазіцыі. Дык вось, раз у дзень у Патрушава ідуць нарады па Беларусі. Разглядаюцца варыянты, як можна ўмяшацца, якую правакацыю яшчэ можна зарганізаваць, як можна націснуць на кіраўніка Беларусі, каб яго змусіць да нейкіх саступак. Што можна яшчэ закруціць. Ясна, што дэталі не даходзяць.
Няпростае пытанне з папулярнасцю існага кіраўніка Беларусі. Але Сяргей Высоцкі зняпраўджвае звесткі пра гэтак званыя 3% «праўладнага электарату»:
– Сацыёлагі кажуць розныя рэчы, напрыклад, такі ўплывовы чалавек як Манаеў, якога ніяк не западозрыш у прадузятасці, сказаў, што папулярнасць Лукашэнкі не такая высокая. 30 адсоткаў ён сказаў на сёння. Будуць, канешне, галасаваць за яго міліцыянты, кэдэбэшнікі, чыноўнікі, іхныя сем’і, сельскае насельніцтва. Але так было і на папярэдніх выбарах. Лукашэнка пераможа ў любым раскладзе, нават на сумленных выбарах. Праблема ў іншым для нашага цяперашняга правіцеля – яму патрэбна абсалютная перамога, ён любіць абсалютныя перамогі, і вось гэта ёсць пасткай.
Такую вялікую колькасць прарасейскіх прэтэндэнтаў, Сяргей Высоцкі параўноўвае з гнілой расейскай капустай, першыя лісткі якой адкідаюцца.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя