Сяргей Высоцкі: Ідзе дыпламатычнае змаганне за незалежнасць Беларусі



Лукашэнка інаўгурацыяй паказаў, што каштоўнасць дзяржаўнай незалежнасці не абмяркоўваецца з краінамі-суседкамі нават, калі ты непрызнаны кіраўнік краіны. У асяроддзі Пуціна вельмі нервуюцца з гэтай нагоды, бо Лукашэнка ізноў саскоквае з гачка аншлюсу. Для Расейскай імперыякратыі можа быць задзейнічаны план „Б” – крывавы. Гэтым разам – дзейнічаць яны могуць з іншага боку супрацьстаяння, папярэджвае Сяргей Высоцкі, публіцыст, палітык.

– Людзі ў Каардынацыйнай радзе, якая працавала з расейскімі сваімі сябрамі і многія там карэліраваныя з расейскім кіраўніцтвам, атрымала ЦУ любым чынам выклікаць людзей на сутычкі, на сабатаж і любым чынам арганізаваць самыя жорсткія да крыві падзеі ў Беларусі. Канешне, там ёсць розныя людзі, і яны зараз знаходзяцца ў асноўным за межамі Беларусі. Але пытанне ў тым, што неадназначны ўплыў Захаду на іх. Калі Ціханоўская хаця б заявіла ўжо пра пагрозу незалежнасці, і мы заўважылі гэты жэст, мы, беларускія патрыёты, то ні Цапкала і нават, як мне ні сумна, спадар Латушка ні слова пра гэта не кажа.

У гэты час ідзе дыпламатычнае змаганне за незалежнасць Беларусі. Лукашэнка інаўгурацыяй паказаў, што моў, „я – суб’ект” усім: свайму асяроддзю, Маскве, Пекіну, Вашынгтону, Еўразвязу, апазіцыі. І што „ён гатовы да развязання сітуацыі ў канструктыўным і канстытуцыйным полі , і самае важнае – на полі дзяржаўнай незалежнасці Беларусі,” – каментуе паводзіны Лукашэнкі Сяргей Высоцкі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя