Сяргей Высоцкі: Ідзе ў напрамку дэмантажу дзяржаўнасці



Развіццё партыйнага жыцця ў Беларусі выглядае, як саступка Маскве, бо іншых прычын, рэжым Лукашэнкі не ўспрымае. Магчымасць стварэння прарасейскай крэатуры ў заканадаўчым сходзе – гэта адзін са шляхоў па ўключэнні Беларусі ў склад рэанімаванай Расейскай імперыі. Месца патрыятычным беларусацэнтрычным сілам у палітычным полі краіны дыктатар не бачыць.

„Госць Рацыі” кіраўнік Беларускай Партыі Свабода – Самаабарона Сяргей Высоцкі:

– Расце непаразуменне, яно і так было, незадаволенасць усім, што адбылося ў Беларусі, з боку патрыётаў, але непаразуменне толькі нарастае. Гэта непаразуменне зараз ідзе не толькі ад нас, то бок людзей, якія заўжды былі паслядоўнымі апанентамі рэжыму. Мэсыдж улады быў такі, што трэба пераадолець гэты крызіс, гэтыя пратэсты, якія інспіраваныя звонку, якія вядуць да разбурэння дзяржаўнасці, а потым будзем неяк шукаць паразумення. Будуць нейкія партыі: ліберальныя, патрыятычныя, цэнтрысцкія, уладная партыя ды будзем разам вырульваць. Замест гэтага мы пабачылі за апошнія месяцы рух цалкам у іншым напрамку ды серыю злачынных захадаў. Гэта прыніжэнне статусу МЗС, гэта абсалютна ідыёцкія антызаходнія заявы, беспадстаўныя дарэчы. Гэта пагроза нейтралітэту і кампанія дыскрэдытацыі таго самага пункту, які збярог беларусаў ад войнаў і ад таго, што ніводная беларуская частка не прыняла ўдзел у ніводным вайсковым канфлікце, беларусы не ваявалі. Вось такая актыўнасць у напрамку змены Канстытуцыі выглядае надзвычай паскудна. Калі б гэта было ініцыявана знізу, то гэта было б зусім іншае, ад народу мы чулі зусім супрацьлеглыя мэсыджы, на змякчэнне, на дэмакратызацыю, а тут ідзе ў адваротным напрамку. Ідзе збліжэнне і як яны кажуць гарманізацыя, беларускія законы падганяюць пад расейскія, ідзе фактычна ў напрамку дэмантажу дзяржаўнасці. Гэта мярзотна, гэта прыняць немагчыма, гэта правакаванне народу да грамадзянскага канфлікту. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя