Сяргей Высоцкі: Лукашэнка грае ўласны сцэнар пад ціскам Расеі
Інфармацыя пра стварэнне праўладных партыяў набывае абрысы. Пра намер стварыць партыю парламенцкага тыпу выказаўся Юры Васкрасенскі, а таксама Аляксандр Шацько.
З такім падыходам да фармавання партыяў, пад кантролем Лукашэнкі шматпартыйная сістэма Беларусі ў будучыні будзе выглядаць „дзівацтвам і дуркаватасцю,” – падкрэсліў кіраўнік зарэгістраванай ва Украіне „Беларускай партыі Свабоды – Самаабароны” Сяргей Высоцкі:
– Насамрэч – гэта дуркаванне, а не вырашэнне глыбокага, цяжкага пытання. Традыцыйна Лукашэнка заўжды кагосьці дурыў: Расею, Захад, грамадскую думку, але прыходзіць той час, калі ты аказваешся перад Богам. Бога – не абдурыш. Тое, што адбылося ў Беларусі, было апошнім сігналам для ўлады. Апошні званочак. Далей вы можаце загінуць і дзяржаву загубіць. Замест дуркавання патрэбныя кардынальныя рэформы. Таму што такімі метадамі, як яны цяпер дзейнічаюць – гэтыя партыі, саюзы, мажліва даць эфект на вельмі кароткі час.
Далей, на думку Сяргея Высоцкага, драма для дзяржаўнасці Беларусі непазбежная. Анансаванне будучых партыяў імаверна звязана з вынікамі апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Сочы. Але, мяркуе беларускі палітык, Лукашэнка грае ўласны сцэнар пад ціскам Расеі:
– Думаючы, што ён зробіць кішэнныя пад КДБ партыі, і ён такім чынам зможа абдурыць Расею, зможа прадэманстраваць заходнім дзяржавам, што ў нас ідуць нейкія працэсы, з’явіліся новыя людзі. Але гэта ёсць паразітаванне на лёсе сваёй дзяржавы. Гэта страшнае злачынства замест таго, каб даваць нарэшце спакойна, узважна праз канструктыўных людзей, праз дыялог з тымі людзьмі, якія маюць глыбокія падыходы, стваральныя, праз дыялог з патрыётамі.
Сяргей Высоцкі заўважае, што грамадства падзеленае, а таму, пакуль у дзяржаве будуць пакрыўджаныя і адкінутыя – спакойнага жыцця ня будзе.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня