Сяргей Высоцкі: Людзі хочуць зменаў
Беларусы фармуюць культуру вулічных пратэстаў, і ўсё больш з’яўляецца камітэтаў, якія дэкларуюць гатовасць казаць ад імя народа. Але галоўны і асноўны актор, як і суверэн – гэта сам народ, які з часам, сам скажа сваё „слова”.
„Госць Рацыі” кіраўнік Беларускай партыі свабоды – самаабароны Сяргей Высоцкі:
– Мы маем надзвычай складаную сітуацыю, надзвычай сур’ёзную, у якой вельмі шмат нюансаў, у якой спалучаныя і замешаныя розныя сілы. Я ўчора размаўляў з вельмі дасведчаным чалавекам, не буду называць ягонае прозвішча. Гэта былы беларускі палітвязень, вайсковец, які мне распавёў, што ў Маскве зараз ФСБ штодня праводзіць нарады па Беларусі. Кожны дзень штодня праводзяцца нарады, дзе аналізуюцца паводзіны Лукашэнкі, штаба Ціханоўскай. Што яна сказала, якія паміж імі спрэчкі, ці ёсць пагроза нацыяналістаў, ці ёсць нейкія іншыя выкладкі, якія могуць пашкодзіць расейскай аперацыі. З другога боку мы бачым народную стыхію таму, што людзей сапраўды дастаў Лукашэнка – гэта аб’ектыўна. Людзі хочуць зменаў, але галоўнае – гэта зберагчы здабыткі народа, каб яго зноў не падманулі, каб яму зноў не падсунулі „Лукашэнку 2”. Галоўнае патрабаванне: „Даеш свабодныя дэмакратычныя выбары без умяшання Расеі!”. Выбары былі несапраўдныя, пра гэта заявіла і сама Ціханоўская. Яна казала, што не было выбараў, татальныя фальсіфікацыі з усіх бакоў. Асноўных кандыдатаў паздымалі, выбарчага працэсу не было, дэмакратычнага працэсу не было. мы не ведаем колькі прагаласавала супраць усіх, колькі за яе, за Лукашэнку. Павінны быць нармальныя выбары, галоўнае каб адбываўся нармальны дэмакратычны працэс. Штодня беларусы атрымліваюць палітычны досвед, расце палітычная культура, з’яўляецца нацыянальная годнасць. Белыя стужкі ўжо выкідаюць, замяняюць іх бел-чырвона-белымі. Пачынаюцца размовы, пачынаюцца дыспуты, людзі задумваюцца пра лёс дзяржавы, лёс незалежнасці. За некалькі дзён беларусы зрабілі вялізны крок наперад у сваім духоўным нацыянальным росце, палітычынм росце. Але гэты працэс павінен ісці дэмакратычна, не трэба яго фарсаваць ні ў якім выпадку, не трэба штурхаць людзей на сілавыя дзеянні, на захоп улады любым чынам. Нельга, каб адна група захапіла ўладу і фактычна стала такім ж самымі бандытамі, каб гэта адбылося. Лукашэнка павінен сысці па законных працэдурах, з перамовамі нашых заходніх саюзнікаў. Я бачу радыкальную лінію ў штабе. Гэта тыя людзі, якія застаюцца недзе ў ценю і зараз хочуць, замест волі народу, абвясціць Ціханоўскую прэзідэнтам. Натуральна на волю выйдуць усе ейныя паплечнікі-сябры Расеі, якія могуць сфармаваць Газпрамаўскі – ФСБэшны ўрад. Гэта і будзе самы страшны падман народу, гэта і будзе самым страшным злачынствам. Гэта будзе падман па прычыне таго, што галоўным пунктам праграмы Ціханоўскай было прызначэнне свабодных дэмакратычных выбараў. Павінна прайсці не менш за паўгады, каб людзі змаглі разабрацца, каб ім зноў не падсунулі чарговы расейскі праект, каб гэта была не канкурэнцыя грошаў расейскіх алігархаў, а канкурэнцыя думак расейскіх патрыётаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя