Сяргей Высоцкі: Не купляйцеся на гэты падлог



Знешні ўплыў на падзеі ў Беларусі змяніў настрой у грамадстве. План „Перамога”, падрыхтаваны і анансаваны экс-сілавікамі Беларусі з ініцыятывы BYPOL, – гэта пастка для саміх беларусаў. Лідар незарэгістраванай у Беларусі партыі „Свабода-Самаабарона” Сяргей Высоцкі мяркуе пра чужароднасць плану.

Да таго ж ён не верыць у імавернасць якой-небудзь значнай колькасці беларусаў, якая б падтрымала план уласным голасам:

– Бачыш, што гэта не ёсць натуральная з’ява, што гэта не ёсць тое, што народжана ў беларускім народзе беларускім народам. Што гэта абсалютна штучныя, вонкавыя спецаперацыі. Калі глядзіш у эфіры, а я вельмі звяртаю ўвагу на выраз абліччаў людзей, бачыш халодныя, спакойныя абліччы без ніякіх вялікіх эмоцый, якія кажуць, калі казаць у цэлым, нейкую такую казуістыку. Мала таго, казуістыку блізкую да тэрарызму.

Гэты квазірэвалюцыйны план „Перамога” дадасць хаосу, крыві і паламаных лёсаў, а таксама і далей дыскрэдытуе Беларусь. А выгаду з гэтага атрымае толькі Расейская Федарацыя, а для Захаду ўваход Расеі ў Беларусь – гэта „меншае зло”, разважае палітык, звяртаючыся да беларусаў:

– Ні ў якім выпадку не купляйцеся на гэты падлог. Вашы жыцці і ваша пагібель не будзе нікому патрэбная. Больш таго, тыя людзі, якія вам прапануюць грошы, яны ж прапануюць не свае грошы. Яны прапануюць грошы фактычна расейскіх алігархаў, якія стаяць за іхнімі спінамі. Гэта ворагі сунуць зараз вам грошы, прапануючы ўчыніць чарговую правакацыю. Пасля якой, у адпаведнасці з дакументамі АДКБ,  на працягу сутак будуць уведзеныя войскі АДКБ.

Ужо 16 чэрвеня можа адбыцца адносна Беларусі „новая мюнхенская змова”, дзе без беларусаў будзе вырашацца лёс краіны. І тут найважней – захаваць дзяржаўны суверэнітэт, не даючы праліцца беларускай крыві, мяркуе Сяргей Высоцкі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя