Сяргей Высоцкі: Патрэбныя людзі ўзважаныя



„Беларуская партыя Свабоды-Самаабарона” апублікавала стратэгічныя тэзы для захавання беларускай дзяржаўнай незалежнасці.

Для большасці Беларусаў, якія апынуліся закладнікамі палітычнага крызісу ў краіне, палітычны свет не біпалярны. Таму акрэсліць асноўныя тэзісы, якія абароняць дзяржаву і яе самастойны шлях – асноўная задача сяброў партыі.

Кажа Сяргей Высоцкі, кіраўнік „Беларускай партыі Свабоды – Самаабарона”:

– Была і застаецца вялікая патрэба на іншую пазіцыю, больш узважную, на патрыятычную пазіцыю, якая сёння аб’ектыўна сталася цэнтрысцкай. Людзям трэба пачуць голас не радыкалаў, якія заклікаюць да нейкіх забурэнняў, да разбурэння эканомікі, да санкцыяў. Патрэбныя людзі ўзважаныя. Гэта пазіцыя ўсё ж такі набірае вагу. Я вам скажу, што гэта можа не так бачна, але гэта адчуваецца.

У тэзах „БПС-Самаабарона” утрымліваецца прапанова да дыялогу ўсіх патрыётаў, заклік да паступовага транзіту ўлады, а таксама спыненне этнацыду ў краіне, і пераводу ўсіх устаноў у краіне на беларускую мову.

Асноўныя палітычныя тэзісы БПС-Самаабарона на ліпень і наступныя месяцы 2021 г.

БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМ!

1. Стратэгічным кірункам нашай дзейнасці і далей будзе заставацца АБАРОНА ДЗЯРЖАЎНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ. Недапушчэнне анексіі Беларусі расейскай імперыяй ці падзелу нашай краіны паміж суседнімі дзяржавамі (аб чым ужо адкрыта кажуць некаторыя еўрапейскія палітыкі).

2. Супрацьдзеянне любым працэсам разбурэння нашай дзяржавы, спробам хаатызацыі грамадскага жыцця, якія вядуць да ўпіхвання Беларусі ў Расею.

3. Мы заклікаем да адказнага супрацоўніцтва ўсіх патрыётаў Беларусі (як унутры нашай краіны, так і за яе межамі), якія ставяць абарону Незалежнасці нашай дзяржавы вышэй уласных палітычных амбіцыяў. Прапануем адбудаваць цэнтрысцкую нацыянальна-палітычную сілу альбо звяз ідэйна блізкіх нам структур. Гэтая сіла мусіць стаяць на цвёрдых патрыятычных ды нацыянальных пазіцыях, быць гарантам дзяржаўнай незалежнасці.

4. Мы прапануем адбудаваць ідэалагічна-інфармацыйную платформу нацыянальна-патрыятычных сіл (маюцца на ўвазе свае сайты, youtube-каналы, дыскусійныя клубы ды г.д.). Неабходна працягваць выкрываць спецаперацыю расейскіх алігархаў ды пэўных колаў на Захадзе, якія ў 2020-м годзе планавалі прывесці да ўлады ў Беларусі поўнага халуя Масквы.

5. Мы заклікаем да нацыянальнага дыялогу, накіраванага на аднаўленне палітычнага працэсу ў Беларусі, нацыянальную кансалідацыю, вызвалення палітычных зняволеных (пачынаючы з жанчын, старых, хворых).

6. Мы гатовыя да дыялогу з патрыётамі Беларусі ды ўсімі адказнымі людзьмі ва ўладзе для забеспячэння паступовага транзіту ўлады і супольнай працы дзеля незалежнай будучыні. У сувязі з гэтым патрабуем спыніць палітыку этнацыду, а замест яе ў бліжэйшыя гады перавесці ўніверсітэты, дзяржаўныя ўстановы ды беларускія СМІ на мову тытульнага этнасу нашай дзяржавы.

7. На міжнародным узроўні мы працягнем барацьбу за АДМЕНУ ЭКАНАМІЧНЫХ САНКЦЫЙ, якія па-сутнасці скіраваныя супраць нашага народу. Мы і далей будзем усяляк проці дзеіць захопу беларускіх актываў расейскімі ды заходнімі алігархамі.

Беларускае Радыё Рацыя