Сяргей Высоцкі: Перажываем надзвычай пагрозлівую сітуацыю для незалежнасці
Абвешчаны ўладамі „год паяднання беларускага народу” выглядае фікцыяй, якую мадулююць улады без патрыятычных сілаў.
„Калі ідзе пагроза нейтралітэту, калі зневажаецца нацыянальная сімволіка, калі няма ані кволага руху ў кірунку беларусізацыі, мы не можам ісці на размову з уладай. Гэта робіць немажлівым прыцягненне патрыётаў для развязання ўнутранага крызісу”, – мяркуе госць Рацыі, кіраўнік Беларускай Партыі „Свабода-Самаабарона” Сяргей Высоцкі, з якім гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.
РР: Я хацеў бы да вас звярнуцца, як да чалавека патрыятычных поглядаў, каму як ні вам лягчэй расставіць кропкі над “і”. Молах рэпрэсіяў працягваецца ў Беларусі, мы бачым, што і журналісты церпяць за правядзенне стрымаў падчас гэтых акцыяў. І вось паглядзеўшы на ўсё гэта, хто ўсё ж зараз робіць памылак больш – апазіцыйныя прадстаўнікі ўладзе Лукашэнкі, ці лукашэнкаўскія ўлады?
Сяргей Высоцкі: Перажываем мы надзвычай пагрозлівую сітуацыю. Ідзе жорсткая барацьба двух радыкальных лагероў, якія не збіраюцца сысці на саступкі, якія кіруюцца, у значнай меры, вонкавымі інтарэсамі вонкавых сілаў. І ў выніку адбываюцца тыя рэчы, якія адбываюцца і з боку ўлады, і з боку ліберальных радыкалаў. Мы пра гэта зараз кажам, калі спрабуем, напрыклад, вызваліць некаторых людзей, і пераадольваем унутраную дылему, бо не вельмі хочацца ўступаць у кантакт з тымі, ці іншымі прадстаўнікамі ўлады. Але ведаеце, як выходзіць, што Каардынацыйная Рада заклікае на новыя акцыі, абсалютна на сёння з нашага пункту гледжання бессэнсоўныя. Улада іх саджае. Мы спрабуем вызваляць. Атрымліваецца такое кола. І ў выніку, адбываюцца вельмі страшныя рэчы датычныя нашай дзяржаўнай незалежнасці. Заявы на конт непатрэбнасці нейтральнага статусу, такога пункту ў Канстытуцыі, гэта фактычна ўдар па незалежнасці. Удар па нейтралітэту – гэта ўдар па незалежнасці. Хоць ён і парушаўся, хоць былі заключаны неканстытуцыйныя пагадненні, пра так званую Саюзную дзяржаву, пра АДКБ і г.д. Але гэты пункт стрымліваў, напрыклад, магчымасць адпраўляць беларусаў у гарачыя кропкі, стрымліваў магчымасць адкрытага пранікнення расейскіх спецслужбаў, расейскіх структураў. І цяпер пагроза страціць гэта відавочная. Але, як вы бачыце, з іншага боку няма ніякай рэакцыі. Гаворацца абсалютна нейкія абсурдныя рэчы, як мы ўдарым па рэжыму, як будзем шукаць новыя шляхі дэструкцыі, шляхі падрываць існуючы лад. Як быццам гэта адбываецца ў пустэльні, ці нібыта людзі сядзяць за шахматнай дошкай. А як жа Беларусь, а як жа людзі, якія тут жывуць? А як жа жыццё людзей? А як мы ўсе ў гэтай краіне?
Цалкам размова:
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
