Сяргей Высоцкі: Расея вядзе гібрыдны аншлюс Беларусі
Расея вядзе гібрыдны аншлюс Беларусі. У гэтым перакананы старшыня „Беларускай Партыі Свабоды-Самаабароны” Сяргей Высоцкі.
Да палітычнага і медыйнага ціску – дадаўся сілавы. Ён мяркуе, што калі б альтэрнатыўны кандыдат прадстаўляў інтарэсы Беларусі, то яго абавязак на сустрэчах з выбаршчыкамі – згадаць пра наяўнасць расейскіх баевікоў, якія хаваюцца ў Беларусі:
– Да палітычнай кампаненты, новай прарасейскай апазіцыі са штабоў трох вядомых кандыдатаў, цяпер дадаўся сілавы. Мы ўжо пабачылі на нашай зямлі, не недзе, а пад Менскам, людзей, баевікоў расейскага „Вагнера”. Людзей, у якіх рукі па локаць у крыві, з шаўронам, на якім надпіс „Наш бізнес смерць і бізнес ідзе добра”. 170 яшчэ на волі, плюс тое, што заявіў сакратар Рады бяспекі Раўкоў, што рыхтуюцца новыя дыверсійныя групы.
Старая беларуская апазіцыя, зневажаецца некаторымі прыхільнікамі Святланы Ціханоўскай. Нібыта многія з іх набылі катэджы і наладзілі ўласнае жыццё за кошт замежных сродкаў. Якую праграму мае Святлана Ціханоўская? На гэтае пытанне яна адказала аднаму з маскоўскіх выданняў, згадвае Сяргей Высоцкі:
– У інтэрв’ю, адным з першых, дзе спадарыня Ціханоўская адказвае на пытанне: „А якая ваша праграма?”, „У мяне няма ніякай праграмы”. Праграма, што потым прыйдуць іншыя, яны яе заменяць, а хто іншыя? Тыя ж самыя людзі з расейскай абоймы. Яна і яе паплечнікі нясуць непасрэдную адказнасць за тое, што выклікаюць людзей на плошчу і тое, што будзе адбывацца. За ёй вялізная палітычная адказнасць, што будзе адбывацца з людзьмі.
Сяргей Высоцкі прапануе ўсім, хто ўлез з „расейскім” праектам у выбарах 2020 – адказваць за свае дзеянні.
Беларускае Радыё Рацыя