Сяржук Русецкі: Людзі паверылі, што нешта можа змяніцца
У Беларусі выбарчая кампанія набірае абароты. Пачаліся пікеты кандыдатаў у прэзідэнты. З „Госцем Рацыі” Сержуком Русецкім мы абмяркуем важныя моманты гэтай кампаніі.
РР: Сёлетняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія мае вельмі невялікі тэрмін, каб людзі маглі пазнаёміцца з кандыдатамі ў прэзідэнты.
Сяржук Русецкі: З 14 ліпеня па 9 жніўня – 25 дзён. Гэты тэрмін мог бы быць трошкі большым, каб рэгістрацыя кандыдатаў адбылася не ў апошні дзень, вызначаны Выбарчым кодэксам, а раней. Безумоўна, гэта мала. Безумоўна, у розных кандыдатаў правы на агітацыю няроўныя. Бо дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які таксама з’яўляецца кандыдатам, не пайшоў на час выбараў у адпачынак і адмовіўся ад выступаў па тэлебачанні і радыё. Навошта яму мець два выступы па паўгадзіны, калі ён кожны дзень можа па паўдня гаварыць? І ўсе навіны будуць прысвечаныя ягоным выступам. А ягоныя канкурэнты атрымалі “ажно” цэлую гадзіну, каб расказаць пра сябе. Прытым, з 17 да 18 гадзін – гэта нельга назваць самым удалым часам, паколькі частка людзей яшчэ вяртаецца з працы. То казаць пра нейкія роўныя ўмовы не даводзіцца. Тыя ж самыя месцы, якія выдзеленыя для сустрэчаў кандыдатаў з выбаршчыкамі…
РР: Як Вы думаеце, чаму ўлада так спяшаецца з гэтымі выбарамі?
Сяржук Русецкі: У пэўнай ступені, каб абмежаваць магчымасці канкурэнтаў данесці свае праграмы і меркаванні да выбаршчыкаў.
РР: Што станоўчага Вы можаце адзначыць падчас падрыхтоўкі да гэтых выбараў, як назіральнік?
Сяржук Русецкі: Безумоўна, што даволі нечакана з’явіліся такія прэтэндэнты як Бабарыка, Цапкала, Ціханоўская. І калі ў першыя ж дні на пікеты па зборы подпісаў за гэтых кандыдатаў людзі ў чэргах стаялі па некалькі гадзінаў. Гэта істотнае адрозненне ад папярэдніх выбараў. І трохі змяніла меркаванне, бо калі ў канцы зімы – пачатку вясны правацэнтрысцкая кааліцыя не здолела правесці так званы праймерыз, то з’яўленне новых асобаў і ажывіла выбарчую кампанію, і частка больш актыўных людзей прачнулася і паверыла, што нешта можа змяніцца.
РР: Якія мінусы Вы можаце адзначыць, якія прывядуць да фальсіфікацыі?
Сяржук Русецкі: Тая ж правакацыя і арышт Сяргея Ціханоўскага – кіраўніка штаба Святланы Ціханоўскай. Каардынатараў і сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай арыштоўвалі, забіралі лісты з подпісамі. Частка людзей дагэтуль знаходзіцца ў следчых ізалятарах. І праваабарончая супольнасць прызнала іх вязнямі сумлення і палітвязнямі. І тое, што быў арыштаваны Віктар Бабарыка і яго не зарэгістравалі не па рашэнні суда, а па нейкім прадстаўленні Следчага камітэта, які ў нечым Бабарыку падазрае. І парушыўшы прэзумпцыю невінаватасці, Лідзія Ярмошына і за ёй усе сябры ЦВК прагаласавалі за нерэгістрацыю Бабарыкі. Гэта незаконна, бо ніякі суд яшчэ не прызнаў яго вінаватасць. І дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюць матэрыялы следства, хоць тыя ж адвакаты, якія бароняць правы сваіх падабаронных, падпісалі заявы аб неразгалошванні таямніцы следства. А самі следчыя могуць спакойна інфармацыю, якая яшчэ не даказаная судом, даваць па тэлебачанні. Прыклад некалькігадовай даўніны, калі пераследаваўся “Белы легіён”, паказвае, што потым гэта можа проста нічым не завершыцца. Калі праз некалькі месяцаў людзей проста без усялякіх кампенсацый выпусцілі на волю.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя