Сяржук Русецкі: Зладжаная праца прывядзе да запланаванага выніку



Бярозаўскую акруговую выбарчую камісію №9 узначалілі старыя кадры.

Гэта былы работнік раённага выканаўчага камітэта, дырэктар Бярозаўскага будаўнічага ліцэя Аляксандр Неліповіч, намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Аляксандр Крагель стаў намеснікам старшыні камісіі і сакратаром па даўняй завядзёнцы абрана Алена Муратава.

Яны ўзначальвалі раённыя выбарчыя камісіі і ў 2010, і ў 2015. 12-хвіліннае пасяджэнне адбылося пад патранажам новага старшыні райвыканкама Леаніда Мартынюка. Ён і прапанаваў старшыню камісіі, што цяжка ўявіць  сабе ў дэмакратычных краінах, кажа доўгатэрмоновы назіральнік за выбарамі Сяржук Русецкі:

– У камісію абралі такіх ужо несамастойных і неадказных супрацоўнікаў, якія не маглі самі выбраць старшыню, што ўжо давялося старшыні райвыканкама ісці на пасяджэнне гэтай камісіі, каб вылучаць. Старшыня райвыканкама ахарактарызаваў і старшыню камісіі, і ўсіх супрацоўнікаў як дасведчаных, якія могуць выканаць ускладзеную на іх місію. Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што камісія будзе працаваць гэтак жа добра, як на ўсіх мінулых выбарах. Сумнявацца ў гэтым на даводзіцца, зладжаная і дасведчаная праца прывядзе да запланаванага выніку.

Дэмакратычны працэс быў усё ж захаваны старшынёй райвыканкама. Пасля прапановы старшыні камісіі і яго кароткай станоўчай камісіі, ён спытаў, ці можа знойдуцца самавылучэнцы. Але камісія з правераных асобаў такой думкі не магла нават дапусціць і дружна прагаласавала за прызначанага Аляксандра Неліповіча.

Беларускае Радыё Рацыя