Сын Віктара Бабарыкі Эдуард знаходзіцца ў СІЗА КДБ
Эдуард Бабарыка — сын прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі — знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, паведаміла ў „Фэйсбуку” яго дзяўчына Аляксандра Зверава.
„Толькі што са мной звязаўся дзяжурны хтосьці і паведаміў, што Эдзік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачваюць на падставе артыкула „ўхіленне ад выплаты падаткаў”, — напісала яна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Бабарыка-старэйшы таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пра затрыманне Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда, які кіруе ініцыятыўнай групай бацькі, стала вядома раніцай 18 чэрвеня. Яны адправіліся ў ЦВК здаваць частку подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты, і перасталі выходзіць на сувязь. Пазней высветлілася, што абодвух даставілі ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. У двух дамах пад Менскам, якія належаць сям’і Бабарыкі, прайшлі вобшукі.
Як паведаміў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” старшыня КДК Іван Церцель, Віктар Бабарыка затрыманы „ў сувязі з тым, што з`яўляўся непасрэдным арганізатарам, кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”. Пра затрыманне Эдуарда Бабарыкі нічога сказана не было. Варта адзначыць, што да Віктара і Эдуарда Бабарыкаў не пусцілі адвакатаў.