Нобель міру ў Малалы Юсуфзай і Кайлаша Сат’яртхі (абноўлена)



Нобелеўская прэмія міру прысуджана 17-гадовай Малале Юсуфзай і Кайлашу Сат’яртхі.

Малала вядомая ў свеце як змагар за права жанчын на адукацыю. Малала пачала весці блог для службы «ВВС» на мове урду пра жыццё пры талібах, якія з 2007 года ўвялі сваю ўладу ў яе роднай даліне Сват.

У кастрычніку 2012 года талібы паспрабавалі забіць дзяўчынку, але яе выратавалі дактары ў Бірмінгеме. Цяпер Малала Юсуфзай з сям’ёй жыве ў Брытаніі.

Кайлаш Сат’яртхі — індыйскі змагар за правы дзяцей, браў актыўны ўдзел у індыйскім руху супраць эксплуатацыі дзяцей з 1990 года. Яго арганізацыя вызваліла больш за 80 000 дзяцей ад розных формаў рабства і дапамагла ў паспяховай рэінтэграцыі, рэабілітацыі і адукацыі.

У панядзелак будзе названы апошні лаўрэат Нобелеўскай прэміі-2014 у галіне эканомікі.

* * *

У Осла маюць абвясціць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2014 год. Сярод намінантаў — былы беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі, амерыканскі ўцякач Эдвард Сноўдэн, папа рымскі Францыск і пакістанская школьніца Малала Юсафзай.

Зняволены за праваабарончую дзейнасць Алесь Бяляцкі намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру ўжо чацвёрты раз, сёлета яго выпусцілі з турмы пад ціскам Захаду.

Эдвард Сноўдэн летам 2013 года апублікаваў звесткі пра аб’ёмы працы спецслужбаў Злучаных Штатаў.

Папу Францыска шануюць як актыўнага чалавека, які патрабуе большай увагі да праблем беднасці.

Малала Юсафзай узначаліла ў Пакістане кампанію за права дзяўчат на адукацыю.

Сёлета зарэгістравана рэкордная колькасць намінантаў — 278 кандыдатаў на прэмію міру, грашовае вымярэнне якой складае больш за мільён даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота piter-piter.ru