Суд перанёс абвяшчэнне прысуду па справе Саўчанкі (абноўлена)



Украінская лётчыца Надзея Саўчанка выступіла ў Данецкім гарадскім судзе Растоўскай вобласці Расеі з апошнім словам. Пракуроры патрабуюць 23 гады зняволення.

F9B9325E-55E4-45EA-9D6E-7A7C3449B9C0_w640_r1_s

Саўчанка ўжо шосты дзень трымае сухую галадоўку. Зараз у яе падвышаная тэмпература і ліхарадка. Звяртаючыся да суду, яна заявіла: “Хочаце паказаць сваю моц? Паказвайце. Толькі памятайце, што мы граем на маё жыццё. У вас ёсць толькі тыдзень для вынясення прысуду. Можа, я яшчэ дажыву”. У адказ суддзя сказаў, што прысуд будзе агучаны 21-22 сакавіка.

CdF06mGW8AAGfZt

У залі разам з Надзеяй Саўчанкай пачалі спяваць гімн Украіны. Адвакаты на ганку суда заявілі, што перакананыя ў вызваленні ўкраінкі. Аднак у сувязі з галадоўкай гэтае рашэнне расейскіх уладаў павінна быць агучанае як мага хутчэй. Надзеі пагражае альбо смерць, альбо прымусовае кармленне.

[youtube id=”NfAo6tXRQKY”]

Тым часам у Менску прайшоў чарговы пікет за вызваленне ўкраінскай лётчыцы. Ён ладзіўся каля пасольства Расеі. Еўрадэпутаты заклікалі Еўразвяз дзеля вызвалення Саўчанкі ўвесці дадаковыя санкцыі супраць Расеі.

[youtube id=”D83oVzE1tA4″]

* * *

Сёння, 9 сакавіка, Надзея Саўчанка выступіць з апошнім словам у Данецкім гарадскім судзе Растоўскай вобласці Расеі. Там слухаецца справа па звінавачванні яе ў саўдзеле ў забойстве двух журналістаў пад Луганскам і незаконным перасячэнні мяжы.

Адвакат Мікалай Полазаў, які ўжо прыляцеў з Масквы ў Данецк, напісаў у Твітары, што ў яго падабароннай праблемы з сэрцам. Раней адвакаты выказвалі засцярогі, што з-за сухой галадоўкі яна фізічна не зможа выступіць у судзе.

Тэкст апошняга слова Надзеі Саўчанкі быў апублікаваны ў інтэрнэце 3 сакавіка — адразу пасля таго, як суд, не даўшы ёй магчымасці выступіць, перанёс паседжанне на 9 сакавіка, а ўкраінская лётчыца ў адказ абвясціла сухую галадоўку. Нагадаем, што гэта ўжо не першая яе галадоўка з моманту затрымання ўлетку 2014 года. Саўчанка адхіляе ўсе абвінавачанні і патрабуе вярнуць яе ва Украіну.

З 7 сакавіка ў гарадах Украіны і Расеі, а таксама ў некаторых краінах праходзяць акцыі з патрабаваннем неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку.

* * *

9 сакавіка мусіць быць агучаны прысуд украінскай лётчыцы, дэпутату Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанцы. Напярэдадні быў апублікаваны зварот 270-ці сусветна вядомых дзеячаў планеты, а таксама Еўразвязу і Дзярждэпартамента ЗША з заклікам “ужыць надзвычайныя захады з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення” выкрадзенай і змешчанай у турму на 20 месяцаў грамадзянкі Украіны.

Надзея Саўчанка

Надзея трымае зараз сухую галадоўку, што стварае смяротную небяспеку для яе жыцця. Кажа сустаршыня Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай Павел Севярынец:

– Тое, што робіць рэжым Пуціна, – гэта бандытызм. Узялі закладніка – дэпутата Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, жанчыну. І здзекуюцца з яе, выкарыстоўваюць у палітычных гульнях. Яе настрой варты самай высокай адзнакі, яе рашэнні – гэта гераізм і трагедыя. Гэта лёс чалавека, які тычыцца пытання лёсаў і Расеі, і Украіны, і Беларусі ў міжнародным маштабе.

У сераду, 9 сакавіка, пасля абвяшчэння прысуду Надзеі Саўчанцы ў Менску адбудзецца чарговая акцыя салідарнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск