„Выбары” прэзідэнта Беларусі – 11 кастрычніка 2015
Раней найбольш верагоднай датай правядзення так званых выбараў старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына называла 15 лістапада. Аднак пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка заявіла, што Цэнтрвыбаркам прапануе правесці выбары 11 кастрычніка.
Ярмошына заявіла, што гэтая дата з’яўляецца аптымальнай па двух прычынах. Па-першае, для прызначэння крайняй даты – 15 лістапада – трэба было б склікаць пазачарговую сесію. А па-другое, правядзенне выбараў 11 кастрычніка дазволіць правесці, калі спатрэбіцца другі тур выбараў за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта.
Эксперт ў выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер крытыкуе такі падыход.
– І першая і другая прычыны не вытрымліваюць ніякай крытыкі. У нас, паводле заканадаўства, не прадугледжаны канкрэтны тэрмін прызначэння выбараў, ён павінен быць не пазней за 5 месяцаў да заканчэння паўнамоцтваў. Можна было прызначыць выбары і на 15-ае лістапада, але гэта прывяло бы да працягу фармавання ініцытыўных групаў. Выбарчыя органы не хацелі працягваць тэрмін выбарчай кампаніі, таму яны пайшлі на гэта.
У адпаведнасці з заканадаўствам прэзідэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі
заканчваюцца 21 студзеня 2016 года. Выбары павінны прайсці не пазней чым за два месяцы да гэтай даты, а прызначаныя – за пяць месяцаў. Такім чынам, апошні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў 20 лістапада 2015 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Палата прадстаўнікоў Беларусі прызначыла прэзідэнцкія выбары на 11 кастрычніка 2015 года.
Такое рашэнне сёння прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якое завяршае працу сёмай сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзідэнта скончыцца не пазней за 15 верасня.
Аляксандр Лукашэнка на пасадзе кіраўніка дзяржавы знаходзіцца ўжо чацвёрты тэрмін запар з 1994 года.
* * *
Чакаецца, што 30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў абмяркуе дату чарговых выбараў прэзідэнта Беларусі. Мяркуецца, што выбары будуць прызначаныя на 11 кастрычніка.
У папярэднім раскладзе працы дэпутатаў пытанне аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў стаіць пад нумарам 1. Абгрунтоўваць дату правядзення выбараў улады даручылі старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.
Хоць выбары кіраўніка беларускай дзяржавы афіцыйна яшчэ не прызначаныя, але пра сваё жаданне ўдзельнічаць у іх ужо заявілі як найменей восем чалавек. Гэта — дзейны прэзідэнт Аляксандар Лукашэнка, старшыні трох палітычных партыяў: Аб’яднанай грамадзянскай — Анатоль Лябедзька, ліберальна-дэмакратычнай — Сяргей Гайдукевіч, «Справядлівага свету» — Сяргей Калякін. Таццяна Караткевіч вылучаецца ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум», Алена Анісім — ад Таварыства беларускай мовы, беспрацоўнага Юрыя Шульгана падтрымліваюць беларускія «зялёныя». Шэраг партыяў і грамадскіх арганізацыяў абвясцілі, што гатовыя збіраць подпісы за палітвязня Мікалая Статкевіча.
Прэзідэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь праводзіліся ў 1994, 2001, 2006 і 2010 гадах. На ўсіх іх, паводле дадзеных ЦВК, перамагаў Аляксандар Лукашэнка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belta.by