Сёння пройдзе ратыфікацыя пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ



16 верасня чакаецца ратыфікацыя Дамовы аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам. Галасаванне будзе праходзіць  адначасова на спецыяльным пленарным паседжанні ў Страсбуры і ў Кіеве. Вярхоўная Рада Украіны і Еўрапарламент будуць спалучаны адмысловым тэлемостам, такім чынам парламантарыі будуць мець магчымасць непасрэдна сачыць за галасаваннем. Ратыфікацыю ў Страсбуры папярэдзілі дэбаты па Украіне з удзелам кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан.

Як паведаміў еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі, Дамова аб асацыяцыі павінна быць ратыфікаваная Еўрапейскім парламантам большасцю галасоў, што паказала ранейшае галасаванне ў Камісіі замежных спраў Еўрапарламенту, падчас якога 49 дэпутатаў выказаліся ў карысць асацыяцыі, 8 было супраць. Калі дамова будзе прынятая, яна ўвойдзе ў жыццё ў абмежаваным выглядзе ўжо з 1 лістапада. Яцэк Сарыюш-Вольскі паведаміў таксама, што прадставіў кандыдатуру Еўрамайдану да сёлетняй Прэміі Сахарава.

Беларускае Радыё Рацыя