Сёння ў Менск прыязджае прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін
«У рамках візіту адбудуцца перамовы кіраўнікоў дзяржаў, на якіх плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні шматпланавага расейска-беларускага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў інтэграцыйных аб’яднаннях», — паведамляе прэс-служба Крамля.
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, каментуючы сённяшні візіт, адзначае – кіраўнікі Расеі заўсёды прысутнічалі на такіх мерапрыемствах ў Беларусі.
– Пуцін прыязджае на свята Дня Незалежнасці і адначасна – гэта юбілей вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Менавіта цяпер для Расеі, для палітычнай прасторы вельмі важная тэма – барацьба з фашызмам. Асабліва на тле ўкраінскіх падзеяў, калі расейская прапаганда абвінавачвае Украіну ў тым, што там да ўлады прыйшлі фашысты, а ўвесь украінскі канфлікт – гэта змаганне з фашыстамі, з „бандэраўцамі”. Візіт Пуціна ў Менск у рамках юбілея вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў вельмі добра кладзецца ў гэтую ідэалагічную парадыгму. Таму Пуцін проста не мог не прыехаць.
Разам з Лукашэнкам Пуцін адкрые новы будынак Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасля правядзе сустрэчу з кіраўніком Беларусі і ўскладзе кветкі да мемарыялу на плошчы Перамогі.
Паведамленняў пра тое, што Пуцін застанецца ў Менску на наступны дзень, каб паглядзець парад у Дзень Незалежнасці, няма.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru