Тактыка Лукашэнкі – зацягнуць Расею ў перамоўнае балота



Зацягнуць Расею ў перамоўнае балота – такую тактыку абраў кіраўнік Беларусі ў стасунках з краінай-суседкай. Заявы пра больш цесную інтэграцыю агрэсіўна гучаць з расейскага боку. Пра гэта выказваўся і расейскі прэм’ер-міністр, і прэзідэнт, а таксама заявы гучаць ад шараговых палітыкаў. Беларусаў Аляксандр Лукашэнка пераконвае, што Расеі такое аб’яднанне таксама не патрэбнае, асабліва пасля анексіі Крыма. Яго словы перадае дзяржаўнае інфармацыйнае агенства БелТА.

– Па многіх прычынах, вы самі разумееце, пра аб’яднанне дзвюх дзяржаў прынамсі сёння гаворкі не ідзе. На гэта, як мне сказаў прэзідэнт Расеі, сама Расея пайсці не можа. Таму трэба супакоіцца і прыпыніць гэтыя размовы, што нехта кагосьці нахіліў ці нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць, нават моцны слабога.

Заявы Лукашэнкі супярэчлівыя, заўважае палітолаг Валерый Карбалевіч. З аднаго боку, ён запэўнівае, што ніякага аб’яднання не будзе. З іншага – прапануе будаваць саюзную дзяржаву на падставе дамовы 99-га года. Такім чынам, кіраўнік дзяржавы спрабуе перахітрыць Пуціна. Каментуе палітычны аналітык Валерый Карбалевіч:

– Сапраўды, Лукашэнка не хоча аб’ядноўвацца, не хоча будаваць саюзнай дзяржавы, але спрабуе перахітрыць, перагуляць Пуціна, заяўляючы пра гатоўнасць весці перамовы, пра гатоўнасць стварэння працоўных груп. Перамовы можна весці і год, і два, і тры. А за гэты час можна нешта выгандляваць. Тактыка Лукашэнкі – зацягнуць Расею ў перамоўнае балота.

А ў тым балоце можна і злавіць нейкую рыбу – падсумоўвае палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя