Татальная „зачыстка” ў Расеі



5 лістапада ў сямі гарадах Расеі затрымалі 237 чалавек, паведамляе расейскі партал „ОВД-Инфо”.

Адзначаецца, што затрыманні прайшлі ў Маскве, Пецярбургу, Краснадары, Краснаярску, Пярмі, Саратаве і Растове-на-Доне. Паводле парталу, у расейскай сталіцы затрымалі 212 чалавек. Іх дастаўлялі ў аддзелы паліцыі. Сярод затрыманых у Маскве ёсць непаўнагадовыя.

Інфармацыю пра тое, што ў Маскве затрымалі больш 200 чалавек, пацвярджае ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўчых органах.

ТАСС паведамляе, што Манежная плошча ў Маскве цалком перакрыта паліцэйскімі, уваход і выхад з метро „Охотный Ряд” і „Площадь Революции” часткова абмежаваны.

5 лістапада ў Расеі пачалі затрымліваць прыхільнікаў апазіцыйнага расейскага палітыка Вячаслава Мальцава, які прадказваў пачатак рэвалюцыі ў Расеі 5 лістапада 2017 года. ТАСС піша, што ён заклікаў людзей выйсці ў гэты дзень на вуліцы Масквы, каб выказаць недавер уладам. 26 кастрычніка Краснаярскі краёвы суд прызнаў яго рух „Артподготовка” экстрэмісцкім.

Рэсурс „Медуза” паведамляе, што па ўсёй краіне затрымана больш 400 чалавек. Паведамляецца, што затрыманні абсалютна нематываваныя. На многіх затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы пра непадпарадкаванне паліцыі. Двум затрыманым пагражае крымінальная адказнасць паводле артыкулу 318 – „прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка”. 

Вячаслаў Мальцаў, які знаходзіцца ў эміграцыі, сёння назваў расейскі палітычны рэжым фашыстоўскім.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Reuters / Scanpix / LETA