Таццяна Караткевіч і Сяргей Вазняк будуць балатавацца ў мясцовыя саветы
Адзін з лідараў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавядае пра падрыхтоўку да выбарчай кампаніі.
Андрэй Дзмітрыеў: Вельмі шмат працы праводзім па запуску гэтай кампаніі. Прыходзіць мноства людзей, ладзім адукацыйныя семінары для кандыдатаў па ўсёй Беларусі. Трэба, каб яны ведалі што і як рабіць, каб разумелі, навошта мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі. І некаторым людзям мы кажам: “Выбачайце, але вы пакуль не гатовы ісці на выбары”.
РР: Перабор кандыдатаў?
Андрэй Дзмітрыеў: Не тое што перабор, а некаторыя проста не гатовы змагацца на выбарах. У іх нейкія іншыя мэты. І такім мы прапануем працу назіральнікамі альбо няхай дапамагаюць іншым.
РР: Адным словам, з дакладнай колькасцю кандыдатаў вы пакуль не вызначыліся?
Андрэй Дзмітрыеў: Сёння налічваецца каля 150 чалавек тых, хто хоча ўдзельнічаць у кампаніі. Колькі застанецца ў выніку? Цяжка сказаць, бо да нас прыходзяць абсалютна новыя людзі, многія з якіх дакладна не вызначыліся. І многія не вераць у свае сілы і магчымасці.
РР: Хто з вядомых людзей будзе ўдзельнічаць у выбарах?
Андрэй Дзмітрыеў: У Менску будуць балатавацца Таццяна Караткевіч і кіраўнік нашага выбарчага штаба Сяргей Вазняк, у Гродне – Зміцер Бандарчук… У нас шмат вядомых.
РР: Падчас гэтай выбарчай кампаніі не чакаецца рэальных зменаў у Выбарчым законе, а значыцца кампанія пройдзе па старым сцэнары ўладаў. Вас гэта не турбуе?
Андрэй Дзмітрыеў: Усе свае патрабаванні мы ўжо неаднарозава перадавалі ў Цэнтрвыбаркам, пастаянна падымаем праблему падчас сустрэч з міжнароднымі прадстаўнікамі. Таму лічу, што больш гэтаму не трэба ўвагу надаваць. Сканцэнтруемся на тым, каб прарвацца ў мясцовыя саветы, каб там з’явілася альтэрнатыва. Гэта наша галоўная задача.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя