Таццяна Караткевіч: На плошчу не клічу па дзвюх прычынах
Кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч прагаласавала на выбарчым участку № 8, які месціцца ў Менскім каледжы мастацтваў.
Пасля таго, як спадарыня Караткевіч кінула свой бюлетэнь у скрыню, яна адказала на пытанні журналістаў.
– Вы будзеце заклікаць прыхільнікаў выйсці на плошчу?
– Я сваіх выбарцаў не буду клікаць на плошчу па дзвюх прычынах. Па-першае, я сёння не магу гарантаваць бяспеку людзям, хоць, як дэмакрат, лічу, што мы маем права на мірны пратэст. Але рэакцыя ўладаў можа быць неадэкватнай. Па-другое, не хацелася б, каб тыя людзі, якія прагаласавалі за мірныя перамены, патрапілі пад правакцыі іншых палітычных сілаў.
– Што вы сёння будзеце рабіць?
– Пасля галасавання падтрымаю сына, які сёння гуляе ў піянербол за школу. А затым буду актыўна праводзіць час у горадзе: схаджу на выставу, будуць сустрэчы з маёй камандай і назіральнікамі.
– Можаце назваць канкрэтныя лічбы, якія разлічваеце атрымаць у выніку?
– Мне складана сказаць пра лічбы. Думаю, за мірныя перамены прагаласуе шмат людзей, а што будзе ў пратаколах – убачым пазней.
– Як вы ставіцеся да таго, што амаль 40 адсоткаў выбарцаў прагаласавалі датэрмінова?
– Відавочна, што гэта страх перад другім турам. Сістэма зрабіла ўсё, каб скарэктаваць датэрміновае галасаванне і ў іх нават атрымаўся рэкорд.
– Калі Лукашэнка выйграе ў першым туры, вы павіншуеце яго?
– Не. З гэтымі пытаннямі звяртайцеся да Уладзіміра Пракопавіча, ён ведае, як віншаваць…
– Ці рады вы, што выбары заканчваюцца?
– Мне падабалася тое, што я рабіла. Таму, паўтаруся, у нас ёсць сілы працягваць працу на палітычным полі.
[Not a valid template]
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара